На Берасцейшчыне хочуць стварыць музей Тадэвуша Рэйтана
Захаваць сядзібу і папулярызаваць імя Тадэвуша Рэйтана спрабуюць на Берасцейшчыне. Тут ў Ляхавіцкім раёне створана адмысловая арт-суполка. Тадэвуш Рэйтан у свой час з’яўляўся дэпутатам Сейма ад Наваградскага ваяводства і выступаў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18-га стагоддзя. Адзін са стваральнікаў арт-суполкі Зміцер Юркевіч адзначае, што актывісты ставяць некалькі мэтаў у сваёй дзейнасці:
– Арт-суполка мае дзве мэты – па-першае, гэта ўсебаковая папулярызацыя асобы Тадэвуша Рэйтана і найбольш выбітных прадстаўнікоў гэтага роду. Па-другое, захаванне сядзібы Рэйтанаў. Таксама мы лабіруем праект стварэння на базе сядзібы дзяржаўнага мемарыяльнага музея Тадэвуша Рэйтана.
У наступным годзе споўніцца 275 гадоў з дня нараджэння Тадэвуша Рэйтана. У сувязі з гэтым прадстаўнікі арт-суполкі плануюць правесці выставу ў Менску, прысвечаную постаці гэтага выбітнага дзеяча.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Андрэя Дыбоўскага
