На берасцейскіх курсах „Мова-Нанова” выступіць Іван Кірчук



На чарговую сустрэчу ў межах курсаў „Мова-Нанова” запрашаюць у Берасці. Яна адбудзецца ў бліжэйшы аўторак, 28 студзеня.

У якасці госця запрошаны музыка Іван Кірчук, — распавёў вядоўца моўных заняткаў Максім Хлябец:

– Да нас прыедзе Іван Кірчук, лідар гурта “Троіца”. І ён будзе паказваць, хутчэй за ўсё, урывак са свайго мона-спектакля “Дарожка мая…”, які ідзе ў нашым тэатры. Па-мойму, апошнія гады штогод ён прыязджае да нас выступаць. Спектакль адбудзецца ў тэатры, а таксама ён пакажа ў нас урывак з гэтага мона-спектакля і прывязе свае інструменты, якіх у яго цэлая калекцыя.

 Далучыцца да заняткаў „Мова-Нанова” можна на любым з этапаў. Галоўнае — гэта сістэмнасць у наведванні і жаданне вывучаць родную мову.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце