На даху былой ратушы знойдзены чалавечыя парэшткі і старыя дакументы
Пачаўся капітальны рамонт Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа, якая знаходзіцца ў будынку старой ратушы, што была пабудавана ў другой палове XVIII cтагоддзя.
Падчас падрыхтоўкі будынку да рамонту на яго гарышчы будаўнікі адшукалі чалавечыя парэшткі і шмат папяровых дакументаў пачатку ХХ стагоддзя. Парэшкі ўзяты на экспертызу, а дакументы перададзены супрацоўнікам бібліятэкі.
Сярод старых дакументаў знойдзены пасведчанне страхавой кампаніі “Саламандра” 1901 года, паштовыя карткі з пячаткамі Слоніма, Наваградка і Зэльвы пачатку ХХ стагоддзя, віншавальныя навагоднія пажаданні ад Ісака Восіпавіча Азярніцкага і Руткоўскага з жонкай пачатку мінулага стагоддзя і шэраг іншых папераў.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара