На Дзяды да Янкі Журбы



Палачане традыцыйна на Дзяды наведваюць магілы славутых землякоў. Творчыя людзі прыходзяць, як правіла, да магілы паэта Янкі Журбы, які пахаваны на мясцовых Ксавераўскіх могілках. Сёлата традыцыя не была парушана. Сярод тых, хто наведаў месца пахавання паэта, – пісьменнік Алесь Аркуш і краязнаўца Міхась Баўтовіч. На магілу ўсклалі кветкі, запалілі свечкі.

Янка Журба пачаў свой творчы шлях напачатку ХХ стагоддзя, першы яго верш «На беразе Дзвіны» быў надрукаваны ў 1909 годзе ў газеце «Наша Ніва».  Вышэйшую адукацыю атрымаў у Глухаўскім настаўніцкім інстытуце ва Украіне, дзе вітаў нараджэнне ўкраінскага нацыянальнага руху, пра што пісаў у лістах, якія друкаваліся ў «Нашай Ніве», і заклікаў беларусаў браць прыклад з украінцаў.

Першы яго зборнік паэзіі «Заранкі» выйшаў у Менску 1924 годзе. Пераклаў на беларускую мову раман Фёдара Дастаеўскага «Бедныя людзі». Напрыканцы 30-х гадоў амаль страціў зрок. Па вайне жыў у Полацку ў сваякоў і манашак зачыненага Свята-Еўфрасіннеўскага манастыра. Памёр у 1964 годзе. У Полацку ёсць мемарыяльная шыльда на доме, у якім паэт жыў апошнія гады жыцця.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Козік