На Дзятлаўшчыне ўшанавалі Вячаслава Адамчыка



Увесь дзень 3 лістапада на Дзятлаўшчыне адбывалася шырокае ўшанаванне лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа і Дзяржаўнай прэміі Беларусі Вячаслава Адамчыка (1933-2001), якому 1 лістапада споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння.

Урачыстасці пачаліся ў Круцілавіцкай сярэдняй школе, дзе былі наладжаны дзве выставы, прысвечаныя жыццю і творчасці земляка. У Круцілавіцкай школе ў гэты дзень прэзентавалі музей-пакой, прысвечаны Вячаславу Адамчыку. А ў актавай зале пра яго ўспаміналі землякі, пісьменнікі, сябры. Цікавыя эпізоды сустрэч з пісьменнікам прыгадвалі літаратары Леанарда Юргілевіч, Сяргей Чыгрын, Аляксей Пяткевіч, Алена Абрамчык. Шчырыя словы ў адрас арганізатараў мерапрыемства выказаў кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, асабліва ў адрас настаўніка Круцілавіцкай СШ Сяргея Каско, які шмат зрабіў дзеля ўшанавання свайго земляка і фундатараў мерапрыемства.

Са школьнай сцэны ў гэты дзень гучалі раннія вершы Вячаслава Адамчыка, урыўкі з яго кніг, былі паказаны школьныя рэпартажы з тых мясцін, дзе нарадзіўся і жыў іх знакаміты зямляк. Адбыўся і невялікі канцэрт мясцовых артыстаў.

Пасля з Круцілавічаў усе ўдзельнікі свята пераехалі ў вёску Варакомшчына. Тут  і быў адкрыты мемарыяльны камень з шыльдай, прысвечанай Вячаславу Адамчыку. Падчас адкрыцця мемарыяльнай шыльды і каменя перад прысутнымі спяваў бард з Ліды Сяргей Чарняк.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён

Фота аўтара