На Дзятлаўшчыне з’явілася вуліца імя Петруся Граніта



У рамках першага Гарадзенскага свята беларускай паэзіі ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна ў суботу 23 верасня адзінай вуліцы ў вёсцы Зачэпічы надалі імя заходнебеларускага паэта Петруся Граніта (Івана Івашэвіча), які быў родам з гэтай вёскі. На хаце, дзе жыў паэт, старшыня Жукоўшчынскага сельскага Савета Валерый Верамейчык прымацаваў  памятную шыльду. Цяпер родная вуліца паэта Петруся Граніта стала насіць яго імя. 

Нагадаем, што свае першыя вершы ў “Беларускай газеце” Пятрусь Граніт апублікаваў 10 лістапада 1933 года. Гэта былі вершы “Прывітанне”, у якім аўтар шчыра вітаў газету і верш “Мужыцкая восень”.

У 1934 годзе ў часопісе “Літаратурная старонка” (№1) Пятрусь Граніт публікуе яшчэ адзін свой верш “Каваль”:

Гэй, каваль, распальвай горын!

Будзем строіць новы плуг.

З лемяшом сталёвым, новым,

Пасля пойдзем араць луг.

І работа загудзела,

Чуцён стукат малатка.

Іскра з шумам адляцела –

Будзе плуг для мужыка.

Гне жалеза на кавадлі,

Валіць молатам каваль.

Пот цячэ, а ён заядла

Робіць із жалеза сталь…

Плуг гатоў, бяры яго ты,

Ары дзікі наш дзірван;

І паддай другім ахвоты

Успульхняці свой загон.

Газета “Наша воля” у красавіку 1936 побач з такімі вядомымі ў Заходняй Беларусі паэтамі, як Максім Танк, Міхась Машара, Міхась Васілёк, Анатоль Іверс публікуе і васьмірадкоўе Петруся Граніта пра тагачаснае невясёлае жыццё.

Летам 1934 года Пятрусь Граніт наладжвае сувязі з рэдакцыяй двухтыднёвіка грамадскага гумару і сатыры “Асва”. Ён туды дасылае вершы і смяшынкі.

Дзесяткі вершаў Петруся Граніта раскіданы па розных беларускіх выданнях, а таксама і па старонках дзятлаўскай раённай газеты “Перамога”. Праўда, у 1939 годзе паэт падрыхтаваў свой першы паэтычны зборнік “Над хвалямі Нёмана”, але выйсці ён не паспеў – перашкодзіла вайна. І толькі ў 1978 годзе ў Мінску выйшла з друку невялічкая кніжачка яго дзіцячых вершаў “Сцяжынка”, якую на грамадскіх пачатках адрэдагаваў Алег Лойка. Наклад кніжкі быў вялікі – 50 тысяч асобнікаў.

Іван Івашэвіч нарадзіўся 24 студзеня 1909 года ў вёсцы Зачэпічы на Дзятлаўшчыне. Бацьку забралі на вайну, дамоў ён вярнуўся толькі ў 1922 годзе. Але доўга не пажыў – памёр праз год ад ран. І хлопчык Ваня ў 12 гадоў ужо касіў, хадзіў за плугам.

У 1927 годзе Іван Івашэвіч стаў працаваць брукаром. І працаваў ім аж да верасня 1939 года. Тады ён і напісаў свой незвычайны для Заходняй Беларусі верш “Брукар”, у якім паказаў цяжкую працу брукара. Здаецца, у беларускай літаратуры больш не было паэта, які аж 12 гадоў клаў брук і яшчэ паспяваў пісаць добрыя вершы.

Ва ўмовах Заходняй Беларусі, Іван Івашэвіч даволі рана далучыўся да падпольнай дзейнасці, наведваў сходы і мітынгі Беларускай сялянска-работніцкай Грамады. Ён некалькі разоў арыштоўваўся ўладамі Польшчы, але працягваў змагацца за светлую долю свайго народа. А ў вершах апісваў нялёгкае жыццё беларусаў і заклікаў іх да лепшага жыцця.

У 1933 годзе Пятрусь Граніт прымаў удзел у Першым нелегальным з’ездзе заходнебеларускіх пісьменнікаў у Вільні. А пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, паэт працаваў сакратаром выканкама, потым – старшынём сельсавета.

 У 1940 годзе ў Лідзе паэту-брукару пашанцавала сустракацца з Янкам Купалам, які вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР.

У гады Другой сусветнай вайны Іван Івашэвіч быў сувязным партызанскай брыгады «Барацьба» на Гарадзеншчыне, выступаў у партызанскім друку з вершамі. І толькі пасля вайны, Іван Івашэвіч завочна скончыў Навагрудскае педвучылішча. У 1945-1971 гадах працаваў настаўнікам і загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах. І заўсёды пісаў вершы:

Хоць жаль бярэ – прыпомні ўсё –

Душу, як сталь, гартуе.

Хоць здзек зразорыў мне жыццё, –

Свой край люблю я!..

Паэтычныя радкі паэта друкаваліся ў раённым і абласным друку. Нізкі вершаў былі апублікаваны таксама ў зборніках “Сцягі і паходні” (Мн., 1965) і “Ростані волі” (Мн., 1990).

Памёр Пятрусь Граніт 14 студзеня 1980 года. Пахаваны ён на могілках у роднай вёсцы Зачэпічы.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён

Фота аўтара і з архіва аўтара