На „Еўрабачанні-2018” Беларусь прадставіць украінскі спявак Alekseev



На міжнародным конкурсе песні „Еўрабачанне- 2018”, які пройдзе ў Кіеве, Беларусь прадставіць Alekseev (Мікіта Аляксееў).

Увечары 16 лютага ў Менску адбыўся фінал Нацыянальнага адборачнага тура конкурсу. З дзесяці прэтэндэнтаў пераможцам стаў украінскі выканаўца Alekseev. Яго кампазіцыя Forever набрала максімальную колькасць балаў па выніках рашэння прафесійнага журы і галасавання гледачоў.

Па традыцыі пераможца атрымаў спецыяльную ўзнагароду — стылізаванае „еўравізійнае” крыштальнае сэрца ад завода „Нёман”.

24-гадовы Мікіта Аляксееў нарадзіўся ў Кіеве, з дзяцінства займаўся музыкай і вакалам. Прымаў удзел у дзіцячым „Еўрабачанні”, выступаў у складзе ўкраінскай групы „Мова”. У 2014 годзе прыняў удзел у папулярным ўкраінскім тэлепраекце „Голас краіны”. У 2015 годзе яго кампазіцыя „П’янае сонца” ўзначаліла расійскі iTunes. Праз год выйшаў яго першы альбом пад той жа назвай — „П’янае сонца”. Тады ж Аляксееў выпусціў песню „Акіянамі сталі”, якая таксама стала хітом. Першы вялікі сольны тур выканаўцы адбыўся ў 2017 годзе.

У спевака ўжо ёсць ўзнагароды: прэмія YUNA ў намінацыі „Адкрыццё года”, прэмія „Прарыў года” ад „МузТВ” і ўзнагарода „Лепшая песня” ад RU.TV. Песня „П’янае сонца” трапіла ў сотню лепшых песень года музычнага чарта Shazam, а у мінулым годзе Аляксееў стаў лепшым поп-выканаўцам Расійскай нацыянальнай музычнай прэміі.

Сёлета Мікіта вырашыў прыняць удзел у Еўрабачанні, але адклікаў сваю заяўку на адбор ад Украіны і стаў удзельнікам беларускага нацыянальнага адбору.

На ўдзел у беларускім адборачным туры конкурсу паступіла каля 100 заявак ад выканаўцаў з Беларусі, Малдовы, Расеі, Таджыкістана і Украіны.

Удзел Мікіты Аляксеева ў конкурсе суправаджаўся скандалам — некалькі фіналістаў звярнуліся ў Белтэлерадыёкампанію з просьбай адрэагаваць на парушэнні правілаў адбору з боку ўкраінскага канкурсанта. Яны абвінавачвалі Аляксеева ў тым, што прадстаўленая ім на конкурс кампазіцыя з’яўляецца перакладам яго ж песні „Назаўжды”, якая гучала ў яго гастрольным туры да 1 верасня 2017 года, што з’яўляецца парушэннем правілаў адбору.

У сувязі з гэтым ад удзелу ў нацыянальным фінале адмовілася расійская выканаўца Соф’я Лапіна. Сваё рашэнне яна патлумачыла так: „Прычына адмовы — двайныя стандарты, якія прымяняюцца да канкурсантаў, выяўленыя ў адсутнасці належнай і неадкладнай рэакцыі з боку БТРК на відавочныя парушэнні „Палажэння аб удзеле” ў заяўцы артыста Мікіты Аляксеева. Наўмыснае зацягванне тэрмінаў і замоўчванне ходу расследавання ў спалучэнні з „размытай” фармулёўкай афіцыйнай пазіцыі з боку БТРК прымушаюць нас засумнявацца ў чысціні і адкрытасці нацыянальнага адбору”.

Белтэлерадыёкампанія правяла экспертную праверку ў дачыненні да музычнага матэрыялу ўсіх фіналістаў. У выніку былі выяўленыя парушэнні і ў гурту Shuma. Shuma ўнеслі зненні ў тэкст сваёй кампазіцыі „Хмаркі”, а Alekseev — у мелодыю песні Forever. Абодва ўдзельнікі засталіся ў фінале.

63-ы міжнародны конкурс песні „Еўрабачанне” пройдзе ў некалькі этапаў у маі 2018 года ў Лісабоне (Партугалія).

belapan.com