На фэст традыцыйнай музыкі „Раёк” сабраны 41% неабходнай сумы
Фольк-фестываль „Раёк”, які адбудзецца ў Менску 14-15 верасня, працягвае шукаць грошы на арганізацыю. На платформе „Улей”, дзе збіраецца неабходная сума ў 4000 рублёў, застаецца 9 дзён да канца кампаніі.
У той жа час стала падрабязна вядома, у якім фармаце адбудзецца фэст, гаворыць арганізатар і музыка Сяржук Доўгушаў:
– Шмат калектываў менавіта з розных глыбінак Палесся плануецца: калектыў „Сёстры Лук’яновіч”, гурт „Церабяначка”, гурт „Хатовічы”, „Вытокі”, а таксама іншыя, якія акрамя спеву змогуць паказаць абрады. Усё будзе ў такой нефармальнай атмасфернай форме. Гэта не open air, дзе далёка сядзяць музыкі і да іх не падабрацца. Тут будзе вельмі блізкі кантакт з гледачамі і шмат розных інтэрактыўных рэчаў – супольны спеў, супольныя танцы.
На дадзены момант на правядзенне фестывалю, які адбудзецца ў дворыку Гістарычнага музею ў Менску, сабраны 41% патрэбнай сумы. Збор ідзе на платформе „Улей”. У спісе выступоўцаў таксама „Vuraj”, „Re1ikt”, „Варган” і „Троіца”.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск