На фестывалі Lidbeer-2018 чакаюць больш як 120 тысяч наведвальнікаў
Паводле ацэнак арганізатараў, сёлета на фестывалі Lidbeer-2018 чакаецца больш за 120 тысяч наведвальнікаў. Пра гэта БелаПАН паведаміў генеральны дырэктар ААТ „Лідскае піва” Аўдрыус Мікшыс 8 верасня ў Лідзе (Гарадзенская вобласць) пасля цырымоніі адкрыцця фестывалю.
Паводле яго слоў, на канцэрт у гэтым годзе прададзена 30 тысяч білетаў. „У мінулым годзе ўсяго на фэсце было каля 120 тысяч, сёлета мы разлічваем пабіць рэкорд”, — сказаў ён.
Пры гэтым Мікшыс адзначыў, што фестываль праводзіцца чацвёрты раз і колькасць наведвальнікаў расце з году ў год.
На просьбу ўдакладніць, ці ўплывае фестываль на ўзровень продажу, гендырэктар заўважыў, што „ў некаторай ступені ўплывае”. „Мы расцем, але ацаніць унёсак мерапрыемствы ў лічбах складана”, — сказаў Мікшыс.
На цырымоніі адкрыцця ён адзначыў, што фестываль стаў значнай падзеяй як для прадпрыемства, так і для горада. „Арганізацыя мерапрыемства патрабуе шмат працы і для нас, і для ўсіх гарадскіх службаў. Але думаю, што гэта добра для ўсіх, у тым ліку для нашых спажыўцоў. Для горада, як сталіцы піваварства, якая налічвае амаль 700 гадоў гісторыі, гэта таксама добра”, — лічыць гендырэктар „Лідскага піва”.
Ён распавёў, што ў межах фестывалю арганізавана шмат актыўнасцяў, на фуд-корце працуе каля 200 кропак харчавання. Упершыню будзе ўсталяваны рэкорд па прыгатаванні пяціметровага шашлыка. Адбудуцца конкурсы, музычныя выступы, экскурсіі па горадзе і па прадпрыемстве, працуюць цырк і луна-парк, дзіцячая зона, праводзіцца інтэрактыўны квэст.
На вольнай сцэне выступяць беларускія гурты, якіх выбралі слухачы падчас анлайн-галасавання. Сярод іх „Тарас на Парнасе”, „Юлія Глеба і Час Speak”, „Росы”, ALLION.
Хэдлайнерам гала-канцэрта на вялікай сцэне стане групоўка „Ленінград”. Таксама выступяць гурты „ЧуVство Палёту”, NizKiz, Animal ДжаZ і „Воплі Відаплясава”.
Праграма фестывалю завершыцца да паўночы 8 верасня.
Фота lida.info