На фестывалі „Прадмова” ў Беластоку будзе ўручана прэмія імя Алеся Адамовіча
У гэтую нядзелю, 29 кастрычніка, а 13.15 у рамках фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, адзін з арганізатараў якога – Беларускі ПЭН, у Беластоку адбудзецца ўзнагароджанне пераможцы прэміі імя Алеся Адамовіча.
Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у студзені 1995 года, праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра Алеся Адамовіча. Журы тады ўзначальваў Васіль Быкаў. Першыя два гады прэмія ўручалася 3 верасня, у дзень нараджэння Алеся Адамовіча.
Першае ўручэнне прэміі Алеся Адамовіча адбылося падчас працы Другога міжнароднага кангрэсу ў абарону дэмакратыі і культуры ў Іслачы 3 верасня 1995 года.
Мэты прэміі: ушанаваць памяць Алеся Адамовіча і адзначыць найлепшы публіцыстычны твор, прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці.
Лаўрэаты атрымліваюць дыплом і ўзнагароду.
У той жа дзень у 16.45 адбудзецца ўзнагароджанне лаўрэата прэміі імя Францішка Багушэвіча.