На філфаку БДУ ўшанавалі Алега Лойку



На філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта адбылася літаратурная гасцёўня «З пакалення дзяцей вайны», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Алега Лойкі, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, экс-дэкана філалагічнага факультэта БДУ, былога загадчыка кафедры беларускай літаратуры.

Распачаў літаратурную гасцёўню загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры прафесар Алесь Бельскі, які падкрэсліў шматграннасць творчай асобы Алега Лойкі, адзначыў, што ён – з пакалення дзяцей вайны, гэтак, як У. Караткевіч, Р. Барадулін, М. Стральцоў, Н. Гілевіч, А. Вярцінскі, П. Макаль, В. Зуёнак і іншыя творцы. Удзельнікаў мерапрыемства прывітаў дэкан філалагічнага факультэта дацэнт Сяргей Важнік, які згадаў Алега Антонавіча Лойку як свайго выкладчыка, адзначыў яго талент яркага, бліскучага лектара.

Дацэнт Ульяна Верына гаварыла пра Алега Лойку як настаўніка ў навуцы, кіраўніка кандыдацкай дысертацыі па сучаснай беларускай паэзіі. Загадчык кафедры беларускага мовазнаўства прафесар Мікалай Прыгодзіч адзначыў ролю Алега Лойкі як арганізатара філалагічнай адукацыі і навукі, рэфарматара, вучонага еўрапейскага ўзроўню, выдатнага чалавека, які раскрываўся з самага прывабнага боку ў час гутарак, супольных паездак і камандзіровак.

На філфак у гэты дзень завіталі навучэнцы Менскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М. С. Высоцкага. Удзельнікі аб’яднання «Класікі і сучаснікі» прэзентавалі літаратурна-музычную кампазіцыю «Унікальны талент Алега Лойкі». Навучэнцы прачыталі вершы Алега Лойкі пра вайну, радзіму, каханне. У канцы мерапрыемства выступіла беларуская паэтка, перакладчыца, дацэнт філфака Ірына Багдановіч, якая, апрача іншага, адзначыла, што самая вялікая ўзнагарода для паэта – гэта тое, што моладзь чытае вершы, цікавіцца роднай літаратурай, шануе мову беларускага народа.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: філфак БДУ