На Глыбоччыне шануюць уласныя таленты
“Творым ад сэрца і душы” – выстава працаў майстра па скульптуры Алы Арцімовіч і мастачкі ў стылі прымітывізму Францішкі Станкевіч адкрылася ў Глыбоцкім Доме рамёстваў.
Па словах Алы Арцімовіч, на выставе прадстаўленыя яе асноўныя працы, скульптуры казачных персанажаў і людзей. Не стае толькі галоўнай скульптуры – Маці Божай памерам з чалавека. Яна асвечаная cвятаром і стаіць на куце яе хаты. А наперадзе ў майстра яшчэ шмат задумаў.
– Хачу зрабіць маці сваю, як яна сіротствавала. Нарадзілася ў 1945 годзе. Рана згубіла маці. Бацька ўвогуле не ведаў, што яна з’явілася на свет. Яна ў мяне будзе ў вобразе дзіця. Яшчэ хачу бюст таты зрабіць. Яго нідзе ў маіх работах не было.
Як кажа Ала Арцімовіч, над адной сваёй скульптурай яна працуе ад некалькі тыдняў, да некалькі месяцаў, нават год. А вось мастачка Францішка Станкевіч распавядае, што некаторыя свае працы піша за паўгадзіны. Усе яе карціны адлюстроўваюць моманты вясковага жыцця. А маляваць яе ў 75 год “прымушаюць” дзеці.
Кажа дачка мастачкі Валянціна Сіманковіч:
– Яе творчасцю мы заўсёды сілкуемся. І калі мама гаворыць, што ўсё, больш не буду маляваць, мы заўсёды кажам: мама, у цябе талент, трэба працягваць.
Выстава ў Глыбоцкім Доме рамёстваў будзе працаваць месяц – з 9.00 да 17.00 гадзін.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае