На Глыбоччыне ўшануюць памяць Язэпа Драздовіча



130 гадоў таму 13 кастрычніка нарадзіўся вядомы мастак, этнограф, археолаг і скульптар Язэп Драздовіч. У той час вёска Пунькі належала Дзісненскаму павету Віленскай губерніі, у сучасны  — яна ўваходзіла ў склад Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Цяпер яе ўжо не існуе, няма і той хаты, дзе жыў Драздовіч. Толькі некалькі дзён таму глыбоцкія ўлады паставілі там памятны знак. Але непадалёк, у кіламетры ад Пуняк, у вёсцы Ліпляне, знаходзіцца  магіла мастака. Там штогод збіраюцца грамадскія актывісты Віцебшчыны, каб ушанаваць памяць вядомага земляка.

Па словах старшыні культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча Ады Райчонак, сёлета 13 кастрычніка яны таксама рыхтуюць імпрэзу і запрашаюць усіх ахвотных да яе далучыцца.

— Мы як заўжды збіраемся ў Ліплянах, на могілках. Кветкі ўскладаем, успамінаем яго добрым словам. Мастакі, грамадскія дзеячы, і проста госці, сваякі там ёсць. Люба Карчэўская, яе муж — пляменнік Язэпа Драздовіча. Ну а тады паедзем у Перадолы да нашага сябра Мар’яна Місевіча. Там таксама пачытаем вершы пра Драздовіча, там будуць выступы, прысвечаныя памяці Язэпа Драздовіча, паглядзім фільм па Драздовічу.

Язэп Драздовіч нарадзіўся ў сям’і збяднелага шляхціца. У два гады застаўся без бацькі. Сям’я мусіла часта мяняць месца жыхарства. Ды і сам Язэп Драздовіч пакінуў свае сляды ў розных кутках Беларусі і за яе межамі. Памёр Драздовіч у 65 гадоў 15 верасня ў лякарні мястэчка Падсвілле ў вялікай нястачы. Як успамінаюць яго сваякі, у труну яго паклалі завернутым у адну прасціну.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя