На канцэрт Вольскага за гадзіну прададзена 500 квіткоў
21 верасня ў Prime Hall адбудзецца першы за 7 год вялікі сольны канцэрт Лявона Вольскага ў Менску. Продаж квіткоў пачаўся сёння апоўдні – за першую гадзіну пайшло больш за 500 асобнікаў.
– Гэты канцэрт доўгачаканая падзея для ўсіх прыхільнікаў Лявона Вольскага. Таму я не бачу ў такім ажыятажы нічога дзіўнага, – пракаментаваў арганізатар мерапрыемства Уладзімір Плавінскі.
«Белая яблыня грому» – знакавая праца Вольскага на вершы беларускіх класікаў. Дыск быў выдадзены ўвясну 2010, быў прадстаўлены на канцэртах у Менску і на фэсце Be2gether у Літве. Пасля яго і пачалася паўза ў вялікіх выступах музыкі на радзіме – паслухаць Вольскага нажыва можна было толькі на невялікіх напаўдапольных імпрэзах.
Лявон Вольскі «Белая яблыня грому» (live 2010)
– Выступы ў Менску заўжды асаблівыя і асабістыя. Будзем граць «Белую яблыню грому» і лепшыя песні розных часоў – два вялікіх аддзяленні, – апісаў канцэрт Лявон Вольскі на сваёй старонцы ў Facebook.
Квіткі на канцэрт па 30 рублёў ужо разабралі, танцпляц зараз стартуе ад 35 рублёў. Сядзячыя месцы: ад 40 да 48 руб. Продаж адбываецца праз касы і сістэму Kvitki.by, сайт Primehall.by і касы Prime Hall (ГЦ «Замак»). Інфалінія (033) 661 14 32.