На Крапівенскім полі адзначылі ўгодкі Аршанскай бітвы



Фэст „Аршанская бітва-2019” адбыўся. Арганізатары і даўнія наведнікі знакамітага і некалі масавага фэсту не чакалі, што сёлета на Крапівенскім полі на ноч збяруцца людзі. 

Сёлета на полі ў ноч узгадалі шэраг імёнаў тых, хто спрычыніўся да стварэння фэсту. Іх назваў са сцэны адзін са стваральнікаў фэсту Юрка Копцік:

– Гэта Алесь Белабародаў з жонкай Аляксандрай, гэта Саня Коўшык з жонкай Людай Шчагловай, гэта дзядзька Васіль якога ўсе ў Воршы ведаюць. Давайце воплескамі падзякуем нават тым, каго тут няма. 

Цяпер прыйсці на Крапівенскае поле прасцей, чым у мінулыя гады. Дарога на поле ўзараная, аднак няма пастоў міліцыі на дарогах і на беразе ракі, як было ў папярэднія гады. А названыя арганізатары ў свой час ладзілі фэст нягледзячы на тое, што правядзенню заміналі ўлады:

– Яны трымалі гэтую традыцыю, калі гэта было небяспечна для асабістай кар’еры, працы. Зараз ужо не так, цяпер не ловяць па дарогах, не хапаюць на аўтобусных прыпынках, як тады. Цяпер не садзяць у аўтазакі і не вязуць на вакзал і пад аховай транспартнай міліцыі не адпраўляюць назад у Менск, як гэта было.

 

Каля двух дзясяткаў чалавек правялі ноч з 7 на 8 верасня на Крапівенскім полі. Яшчэ некалькі чалавек з розных куткоў Беларусі і замежжа на полі не начавалі, але наведалі месца славутай перамогі Вялікага княства напярэдадні Дня беларускай вайсковай славы.

Сярод тых, хто паставіў намёты на месцы знакамітай бітвы, былі і госці з Маладзечна. Адзін з іх — Анатоль — працытаваў перад мікрафонам на сцэне верш Уладзіміра Някляева:

– Славуты дзень у нашай гісторыі. Вельмі ўсцешаны, вельмі прыемна тут знаходзіцца. Я перш раз, але чамусьці, калі я тут сядзеў, думаў, абмяркоўваў, мне ўзгадаўся верш Някляева. 

Шэраг наведнікаў Крапівенскага поля ўпершыню прыехалі на гістарычнае месца. Арганізатары не чакалі такой колькасці ўдзельнікаў сёлета, гэта стала прыемным сюрпрызам. Удзельнікі слухалі музыку, дэкламавалі вершы і выступалі на гістарычныя тэмы.

Таксама госці фестывалю „Аршанская бітва-2019” ушанавалі хвілінай маўчання ўсіх ваяроў Вялікага княства, якія змагаліся ў 1514 у Бітве пад Воршай.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя