На Лепельшчыне адгулялі “Жаніцьбу Цярэшкі”
“Жаніцьбу Цярэшкі” адгулялі ў пяці вёсках Лепельшчыны. Гэты калядны абрад здаўна існуе на Віцебшчыне, але толькі на Лепельшчыне гульня захавалася ў аўтэнтычным выглядзе. Яна ўяўляе сабой вясельна-тэатральную дзею, у якой спалучаюцца тэатр, спевы, танцы, музыка, імправізацыя.
Як кажа арганізатар свята ў вёсцы Вялікі Поўсвіж, мясцовы жыхар Васіль Шкіндзер, сутнасць гульні заключаецца ў магчымасці для ўдзельнікаў праявіць сваю прыхільнасць да знаёмства, знайсці сабе пару.
– Цярэшка – Бог шлюбу і плоцкага кахання, апякун моладзі і шлюбных пар. У гонар гэтага паганскага бога і праводзіцца абрад “Жаніцьба Цярэшкі”. У абрадзе дазваляецца ўдзельнічаць любому чалавеку: ў шлюбе ці адзінокаму, маладому ці ў сталым веку.
“Жаніцьба Цярэшкі” – адна з найбольш цікавых этнічных формаў каляднага ігрышча моладзі. Там няма гледачоў і выканаўцаў, усе з’яўляюцца ўдзельнікамі. Часта пары-ўдзельніцы гэтай гульні потым спраўляюць сапраўднае вяселле. Абрад уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара