На Лепельшчыне гукалі вясну



На Лепельшчыне гукалі вясну. Традыцыйны беларускі абрад на язычніцкім капішчы ля Перуновай гары зладзілі фальклорны аматарскі гурт “Рэхта” і турыстычны клуб “Паходнік”. На свята завіталі дарослыя аматары старажытнай беларускай культуры з Лепельшчыны, Віцебска, Менска ды Расеі. А таксама вучні Слабадской школы Лепельскага раёна.

Як кажа настаўніца беларускай мовы і літаратуры Слабадской школы і ўдзельніца гурта “Рэхта” Наталля Мірановіч, дзеці павінны ведаць мясцовыя беларускія традыцыі і абрады і самі ў іх удзельнічаць:

– Гэта ўжо трэці год мы праводзім на прыродзе „Гуканне вясны”. Толькі на гэты раз далучылі да святкавання дзяцей. Я лічу, што гэта правільна, таму што ў нашым грамадстве мы забываемся на беларускія традыцыі, а іх трэба адраджаць. І калі мы будзем моладзі не проста расказваць, а паказваць, прывучаць да гэтага, то гэта будзе цудоўна.

Падчас свята прысутныя спявалі абрадавыя песні-вяснянкі, вадзілі карагоды, танчылі беларускія танцы.  А таксама гулялі ў веснавыя гульні, падкідвалі на палатне печаных жавароначкаў і частаваліся імі.

Удзельнікі свята заклікалі вясну хутчэй прыйсці і палілі пудзіла “зімы”. Напрыканцы арганізавалі чаяванне з зёлак і з прысмакамі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя