На Лепельшчыне „Жанілі Цярэшку”
Ужо 25 год запар у Велеўшчынскім клубе, што на Лепельшчыне, “Жанілі Цярэшку”. Мерапрыемства зладзілі загадчыца клуба Ганна Дзёмка і гурт “Рэхта” пры падтрымцы полацкага фальклорнага гурта “Варган”. На ігрышча прыйшлі не толькі мясцовыя жыхары, але прыехалі і госці з Менска, Магілёва, Браслава, Глыбокага.
Як кажа Ганна Дзёмка, загадчыца Велеўшчынскага клуба, калі пачыналі ладзіць ігрышча “Жаніцьба Цярэшкі” у 1995 годзе, было вельмі шмат моладзі. Некаторыя, хто жартоўна ажаніўся тады, сапраўды стварылі сямейныя пары:
– У той час вёска была вялікая, было многа моладзі, якая прыходзіла на „Жаніцьбу Цярэшкі”. Актыўна ўдзельнічалі, у нас ёсць некалькі пар, якія ажаніліся пасля гэтай „Жаніцьбы Цярэшкі”. Ім вельмі падабаецца гэты абрад, і яны ні адзін год не прапускаюць „Жаніцьбу Цярэшкі”. Мы думаем, што трэба гэту традыцыю падтрымліваць, таму кожны год „Жэнім Цярэшку”.
Па словах мясцовых жыхароў, гэта ў клубе “Жэняць Цярэшку” толькі 25 год, але ігрышча ў народзе тут ладзілася здаўна і крыху адрознівалася ад той дзеі, якая праходзіць зараз.
Кажа мясцовая жыхарка і сталая ўдзельніца гульні Валянціна Крыцкая:
– Раней жа столькі пар не збіралася – гэта па-першае. Па-другое, збіралася свая мясцовая моладзь, нават сямейныя ішлі жанілі. Яшчэ гульня была ў нас – у фанты гулялі. Зараз вельмі шмат музыкі, музыка лішняя. Гармонік і бубен былі раней, яшчэ скрыпка была, дык гэта толькі ў танцах.
Сёлета абрад “Жаніцьба Цярэшкі” ладзіўся ў двух вёсках на Лепельшчыне – у Люкжына і Велеўшчыне. Раней геаграфія правядзення гэтага ігрышча была больш пашыранай.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя