На Лідчыне ўшанавалі памяць святара Мікалая Усціновіча



У Свята-Пакроўскай царкве вёскі Ганчары Лідскага раёна ўшанавалі памяць святара Мікалая Усціновіча, які шмат гадоў аддаў служэнню ў гэтым прыходзе. Часы яго служэння прыпалі на самы цяжкі перыяд у гісторыі мінулага стагоддзя – на Другую сусветную вайну і пасляваенныя ганенні вернікаў.

dscf6944

У час вайны святар умела наладзіў кантакты як з акупацыйнымі ўладамі, так і з партызанамі, чым выратаваў шмат жыццяў сваіх прыхаджанаў. Пасля вайны па ілжывым даносе быў арыштаваны і сасланы на 25 гадоў. Пазней прысуд быў заменены на 7 гадоў лагеру. Пасля вяртання з Сібіры, айцец Мікалай працягнуў служыць вернікам Гарадзенскай вобласці. Сын святара, Ігар Мікалаевіч, добра памятае, як праходзіў арышт і вельмі ўсцешаны тым, што памяць пра бацьку на Лідчыне жыве і шануецца.

– Мы вельмі ўдзячныя, ад імя нашай сям’і, якая тут сабралася, за тое, што людзі, асабліва духавенства, шмат зрабілі для таго, каб ушаноўвалася памяць і далей. Усталявалі мемарыяльную дошку, адслужылі паніхіду, вялікі дзякуй святарам Лідскага благачыння. Прыйшоў час, які расставіў усе кропкі над і.

dscf6932

У Свята-Пакроўскай царкве прайшла паніхіда па айцу Мікалаю Усціновічу з нагоды 100-й гадавіны з дня яго нараджэння. Архіепіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый асвяціў памятную шыльду на будынку царквы. Пасля чаго адбылася ліція на магіле протаіерэя ў Лідзе, памятная вечарына і літаратурныя чытанні. Закончыліся памятныя мерапрыемствы канцэртам хораў цэркваў Лідскага благачыння.

[Not a valid template]

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара