На Лідчыну прывезлі зямлю з магілы Каліноўскага
Актывісты правялі традыцыйны памятны рэйд па мясцінах звязаных з паўстаннем 1863 года. У паўстанцкай капліцы ў засценку Станкевічы была адпраўленая імша па загінулых паўстанцах, а пасля быў асвечаны адноўлены крыж на кургане каля вёскі Голдава.
У Станкевічы і ва ўрочышча Крыжы, што каля вёскі Малое Ольжава, дзе таксама брацкая магіла невядомых паўстанцаў, з Вільні была прывезена зямля з магілы Кастуся Каліноўскага ды іншых кіраўнікоў паўстання. Кажа старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:
– Дзякуй тым грамадзянам, якія не засталіся ўбаку і аддалі даніну павагі тым людзям, якія паўставалі ў 1863 годзе супраць расейскага царызму за нашу беларускую айчыну, за нашу беларускую зямлю. Яны ішлі на смерць, ведалі і бачылі, што поспеху не будзе, але яны ішлі. Дзякуючы ў значнай ступені і ім, мы сёння маем нашую незалежную зямлю, мы маем незалежную Беларусь. Дзякуй вялікі канешне і Лідскай зямлі, што яна нараджае такіх вялікіх.
Удзельнікі ўшанавання таксама наведалі вёску Дворышча, дзе ў нядаўна адрэстаўраваным старажытным млыне адкрылася экспазіцыя, якая прысвечана паўстанню 1863 года на Лідчыне.
Беларускае Радыё Рацыя