На лідскіх курсах „Мова нанова” глядзелі батлейку
У Лідзе на курсах “Мова нанова” адбылася прэзентацыя прыватнай батлейкі.
Ініцыятарам яе стварэння стаў мясцовы бізнесовец Віталь Карабач – гаспадар аграсядзібы “Гасьціна”. Па яго словах, ідэя стварэння беларускай батлейкі ўзнікла амаль тры гады таму. І вакол гэтай ідэі адразу ж з’явіўся гурток аднадумцаў – цесляры, якія стваралі сцэну міні-тэатра, мастакі, якія выраблялі лялькі і адзенне для персанажаў пастановак, самадзейныя акцёры, якія ўдзельнічаюць у прадстаўленнях. Усіх іх аб’яднала любоў да Беларусі, яе гісторыі і мастацтва.
– Вясна была. Я прачнуўся і ўключыў тэлевізар. Пабачыў лялечны гарадзенскі тэатр. Паглядзеў. Мяне захапіла гэтая ідэя. Я тыдзень пражыў з гэтай ідэяй. Паехаў да мастака. Ён мне сказаў, так, лялечны тэатр, гэта файна, але трэба рабіць батлейку, бо гэта менавіта нашая гісторыя, гэта будзе больш цікава. З’явілася Алёна Ткачова. Гэта майстар, які захопены батлейкай. І тут супала ўсё. У яе была мара, каб батлейка заставалася ў Беларусі.
Падчас прэзентацыі прыватная батлейка паказала п’есу Сяргея Кавалёва “Чарнакніжнік”. Пры гэтым, памяшканне арт-прасторы Ga11ery ледзьве змагло змясціць усіх гледачоў.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара