На магіле Ларысы Геніюш – заўсёды кветкі
Выдатная беларуская паэтка Ларыса Геніюш (1910-1983) пахавана разам са сваім мужам Янкам Геніюшам (1902-1979) у Зэльве на мясцовых могілках. Калі б не прыехаў ці не прыйшоў бы да магілы Геніюшаў – там заўсёды ляжаць кветкі. І ў асноўным гэта бел-чырвона-белыя букеты.
Уверсе на крыжы прымацаваны старажытны беларускі герб Пагоня, пра які ў паэткі шмат напісана паэтычных радкоў:
І таму, о, рыцары Пагоні,
Я аб вас, зняволеных, пяю,
Сваё сэрца ў мужныя далоні
Вам адным навекі аддаю.
З магілы Геніюшаў бачна ўся Зэльва і вадасховішча:
А над Зальвянкаю
Вуды з прыманкамі,
Хлопцы з каханкамі,
Аблакі.
У 1983 годзе, калі не стала вялікай паэткі, развітацца з ёй прыйшла амаль уся Зэльва. Беларусы не забываюць Ларысу Геніюш і сёння, яны едуць не ў Зэльву, а пакланіцца таленавітай і мужнай патрыётцы:
Мудрасць спелую сівых вякоў
П’ю з народных жывых крыніцаў.
Паважаю чужых багоў,
Ды прывыкла сваім маліцца.
Беларускае Радыё Рацыя