На магіле першага дырэктара “Славянскага базару” з’явіўся помнік
Надмагільны помнік быў урачыста адкрыты 29 чэрвеня – амаль праз два гады пасля смерці Радыёна Баса, заснавальніка вядомага віцебскага музычнага фестывалю.
Ён кіраваў ім больш за 20 год – яшчэ з тае пары, як гэта быў Усесаюзны фестываль польскай песні, што ўпершыню прайшоў у Віцебску ў 1988 годзе. Апрача гэтага, Радыён Басс быў заснавальнікам яшчэ цэлага шэрагу віцебскіх фестываляў. За важкі ўнёсак у мастацкае жыццё яго ўганаравалі званнем Заслужанага дзеяча культуры Беларусі, а таксама – званнем Ганаровага грамадзяніна Віцебска.
Радыён Басс пахаваны на цэнтральнай алеі могілак “Мазурына”, побач з магіламі іншых Ганаровых грамадзян гораду. Але толькі на ягонай магіле такі працяглы час не было помніка. Летась упершыню ў гісторыі Віцебску быў абвешчаны грамадскі збор ахвяраванняў на годнае ўшанаванне Ганаровага грамадзяніна гораду. Паводле папярэдніх падлікаў, надмагільны помнік мусіў каштаваць 24 тысячы рублёў. Гараджанам не паведамілі, ці была сабрана неабходная сума, але праз 3 месяцы пасля абвесткі жыхароў Віцебску запрасілі на адкрыццё. Надмагільны помнік зроблены ў тым самым стылі, што і помнікі іншым Ганаровым грамадзянам Віцебску, якія стаяць побач. Ён уяўляе сабой стэлу з біяграфічнымі звесткамі і стылізаванай выявай валошкі – сімвала фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, і бюсту аўтарства віцебскага скульптара Аляксандра Гвоздзікава. На адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі абласных і гарадскіх уладаў, родныя і сябры Радыёна Басса.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск