На Менскай кніжнай выставе прайшла аўтограф-сесія даследчыка Міхала Хабраса



На Менскай міжнароднай кніжнай выставе прайшла аўтограф-сесія польскага даследчыка Міхала Хабраса, аўтара кнігі “Месцы польскай нацыянальнай памяці ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі”.

Распавядае аўтар.

– Альбом прадстаўляе некалькі дзясяткаў мясцін звязаных з рознымі падзеямі, пачынаючы ад паўстання Касцюшкі, праз Студзеньскае паўстанне, польска-бальшавіцкую вайну, Другую сусветную вайну. Альбом – як памяць пра тыя месцы. І нашае заданне папулярызаваць гістарычныя веды як сярод беларусаў, так і сярод палякаў, якія жывуць у Беларусі. І хацелася б, каб веды пра тыя мясціны былі як мага шырэйшыя, і каб гэтыя месцы жылі ў нацыянальнай памяці.

Кніга Міхала Хабраса выйшла ў выдавецтве “Галіяфы” летась пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча ў Менску. Тэкст у ёй пададзены на польскай мове і ў перакладзе на беларускую.

 

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск