У Вільні ўшанавалі памяць Францішка Аляхновіча



На віленскіх могілках Росы беларусы ўшанавалі памяць пісьменніка Францішка Аляхновіча, забітага невядомымі ў Вільні ў сакавіку 1944 года.

Кажа лідар Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык:

– Постаць Францішка Аляхновіча сапраўды вельмі важная сёння. Я ўжо казаў на гэтым месцы, што, калі я ў далёкім ужо 96-м годзе выйшаў з СІЗА, калі быў адным з першых палітвязняў рэжыму, першае, што я зрабіў, гэта перачытаў кнігу Францішка Аляхновіча “У капцюрох ГПУ”. Чаму?  Адказ вельмі просты. Таму што, на вялікі жаль, тая нялюдская сістэма, якая знішчала беларусаў усё дваццатае стагоддзе, яна сёння засталася, яна знішчае і цяпер беларускую нацыю.

Таксама актывісты Руху салідарнасці “Разам” ушанавалі намяць іншых вядомых беларускіх дзеячоў, пахаваных на Росах, і ўсклалі кветкі да помніку Тарасу Шаўчэнку ў самой Вільні.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Вільня