„Мова Нанова Гародня” – пра вандроўкі



Тэму вандровак абмяркоўвалі гарадзенцы, удзельнікі моўных курсаў „Мова Нанова”. Большасць удзельнікаў дыскусіі называла еўрапейскія краіны, дзе яны пабывалі, а ва ўсходнім кірунку ад Беларусі людзі ня часта выбіраюцца. Менавіта праз большыя, небюджэтныя кошты вандровак. А падарожжа, на думку ўдзельнікаў сустрэчы, падаўжае жыццё станоўчымі эмоцыямі.

Эмілія Гаўрус, вядоўца курсаў „Мова Нанова Гародня”, мяркуе, што гарадзенцы вандруюць больш  за іншых жыхароў Беларусі.

– Мы ўсё ж такі ў Гародні. Мы бліжэй да Польшчы, з якой ізноў жа можна кудысьці паехаць. Магчыма гэта адная з прычын таго, што гарадзенцам прасцей кудысьці выехаць. Я вандравала праз турфірму, вандравала самастойна, аўтаспынам, жывучы ў сяброў у Еўропе. І вандравалі мы па розных праграмах. Кожная вандроўка прыемная – ці з каханым мужам, ці з сяброўкай аўтаспынам.

На занятках курсаў „Мова Нанова Гародня” быў адмысловы госць, музыка з Менска Андрэй Сянькевіч. Ягоныя творчыя паездкі па краінах свету ён не называе вандроўкамі.

Гарадзенцам ён падараваў некалькі песень на вандроўную тэматыку.

– Я ня вельмі шмат вандраваў за сваё жыццё менавіта як турыст ці вандроўнік.  Усе тыя краіны, у якіх я быў, я наведваў з канцэртамі. Калісьці я паставіў сабе мэту – ездзіць па краінах менавіта з канцэртамі. Без гітары, без гурта і канцэртаў мы амаль што нікуды не ездзім. Нас зараз пяць чалавек: бубны, бас-гітара, валторны і труба.

Падчас заняткаў адзін з курсантаў, які насіў цэлы тыдзень пераходны бранзалет-абятніцу, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад выкананай задачы на тыдзень. Паводле правілаў, курсант,  які бярэ на тыдзень бранзалет, усьцяж размаўляе па-беларуску. Наступная сустрэча курсантаў “Мова Нанова Гародня” будзе прымеркаваная журналістыцы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара