На Падляшшы прайшоў Беларускі Трыялог
Чарговы Беларускі Трыялог завяршыў сваю працу ў Крынках на Падляшшы.
Удзельнікі – а гэта літаратары, тэолагі, святары ды іншыя зацікаўленыя асобы – дыскутавалі на тэму “Ці Бог не разумее па-беларуску”.
Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч даў свой адказ на гэтае пытанне:
– На гэтае пытанне “ці разумее Бог па-беларуску” адназначна адказаў сам Скарына, калі пераклаў на беларускую мову Біблію. Значыць была патрэба ў гэтым, значыць Бог захацеў, каб беларусы, якія жывуць на Беларусі, разумелі яго менавіта па-беларуску. Не праз лацінскую мову, не праз польскую ці стараславянскую, а менавіта праз беларускую. Таму Саюз беларускіх пісьменнікаў і кампанія “Будзьма беларусамі”, “Згуртаванне беларусаў свету Бацькаўшчына” пачалі кампанію “500-годнасць”, каб пра гэтую найзначнейшую падзею ў гісторыі Беларусі ведалі ва ўсёй Беларусі, каб ганарыліся ёй у кожнай сям’і.
Трыялог у Крынках прайшоў у 17-ты раз. Гэтае мерапрыемства ў свой час запачаткаваў выбітны беларускі і польскі пісьменнік і публіцыст Сакрат Яновіч, а цяпер справу працягвае Фонд Villa Sokrates.
Сёлетнія сустрэчы завершыліся музычнымі выступамі. Гурт Re1ikt і Сяргей Доўгушаў, між іншым, прэзентавалі некалькі песень, сабраных у Брагінскім раёне Беларусі, а гурт Port Mone выступіў супольна з падляшскім творцам і музыкам Юркам Асеннікам.
* * *
Беларусы да гэтага часу не маюць паўнавартаснага перакладу Бібліі на беларускую мову. Хоць нашая нацыя пачала гэта працэс адной з першых у гісторыі, але так яго і не завершыла. Пра гэта ў часе “Беларускага Трыялогу” ў Крынках гаварыла бібліст і філосаф, акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюма Ірына Дубянецкая:
– Пакуль што мы не маем, праца ідзе, але гэта праца складаная, марудная, спецыялістаў мала, каб сапраўды раскідаць на вялікую колькасць людзей, то можна было б хутка зрабіць. Калі гэта 4-5 чалавек, то 4-5 чалавек будуць перакладаць гэта 20-ць гадоў, каб гэта сапраўды зрабіць якасна. Бо гэтыя 4-5 чалавек, у адрозненні ад іншых моваў народаў, сутыкаюцца з сітуацыяй адсутнасці ўсталяванай тэрміналогіі.
Ірына Дубянецкая адзначыла, што ранейшыя пераклады Бібліі – Станкевіча, Сёмухі, Чарняўскага – кожны па-асобку не выконвае ўсіх патрабаванняў, у тым ліку патрабаванняў часу. У той жа час яна расказала, што гатовыя пераклады асобных кніг, у тым ліку нядаўна пабачыў свет пераклад на беларускую мову “Псалтыра” аўтарства Аляксандра Надсана. Беларуская праваслаўная царква таксама завяршае свой пераклад Новага Запавету.
[Not a valid template]
* * *
Беларуская мова загучыць у гарадзенскім Свята-Пакроўскім кафедральным саборы 4-га верасня. Такім чынам тут плануюць адзначыць Дзень беларускага пісьменства. Пра гэта ў час Трыялогу, які праходзіць у Крынках на Падляшшы, расказаў настаяцель сабора айцец Георгій Рой. На думку святара, мова вельмі важная ў рэлігійным жыцці чалавека. Сёлетні “Трыялог” праходзіць на тэму “Ці Бог не разумее па-беларуску”:
– Бог не толькі разумее кожную мову, але і патрабуе ад нас звяртацца да яго на тых мовах, якія ён даў кожнаму народу. І таму мы, хрысціяне, нягледзячы на тое, да якой канфесіі належым, павінны ў нашай хрысціянскай традыцыі захоўваць мову нашага народа. І калі мы гэтага не робім, то, я лічу, гэта наш грэх перад Айцом сусветаў.
Айцец Георгій Рой таксама закрануў тэму перакладаў рэлігійных тэкстаў, у тым ліку Бібліі. На яго думку, варта, каб быў адзіны калектыў аўтараў-перакладчыкаў, што дазволіць пазбегнуць рознагалоссяў. Самі ж вернікі да беларускай мовы ў набажэнствах ставяцца “спакойна і з разуменнем” – адзначыў святар.
* * *
“Беларуская нацыянальная ідэя – гэта Хрыстос, які гаворыць па-беларуску”. У гэтым упэўнены сустаршыня стваранай партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павел Севярынец.
Ён бярэ ўдзел у Трыялогу ў Мясцовасці Крынкі на Падляшшы, дзе дыскутуюць на тэму “Ці Бог не разумее па-беларуску”:
– Гэта закладзена ў самой сутнасці беларускай нацыянальнай ідэі. За 1000 гадоў мы скрышталізаваліся як хрысціянская нацыя. І нацыянальная ідэя ў адным сказе гэта – Ісус Хрыстос, які гаворыць па-беларуску. Мы імкнемся да Хрыста, імкнемся быць падобнымі да яго, імкнемся рабіць ягоныя справы і робім гэта па-беларуску. Усё гэта простая формула для кожнага беларуса. У цэрквах, асабліва ў касцёле, напрыклад, у грэка-католікоў, гэта выдатна разумеюць. І гэта робіць новага чалавека, новага беларуса, які маральна угрунтаваны, адказны і свядомы.
Павел Севярынец таксама прывёў лічбы, што на сёння ў Беларусі існуе 450 каталіцкіх парафій, з якіх каля 300 выкарыстоўваюць беларускую мову. У той жа час у праваслаўнай царкве мова тытульнай нацыі пакуль сустракаецца адзінкава. Севярынец упэўнены, што змяніць сітуацыю можа найперш ідэйны рух самых вернікаў, а таксама лічыць, што аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы значна паскорыла б працэс беларусізацыі.
[Not a valid template]
* * *
Выставай „Паганства” беларускага фатографа Андрэя Лянкевіча распачаўся сёлетні Беларускі Трыялог у мясцовасці Крынкі на Падляшшы. Традыцыйнае мерапрыемства, якое ўпершыню правёў каля двух дзясяткаў гадоў таму выбітны пісьменнік і публіцыст Сакрат Яновіч, сёлета прысвечана пытанню “Ці Бог не разумее па-беларуску”.
Андрэй Лянкевіч прызнае, што ўжо поўнасцю завяршыў свой праект, прысвечаны паганству:
– Тэлефанавалі людзі і прапаноўвалі здымаць чорных магаў і так далей. І я зразумеў, што выходжу на тэрыторыю, якой не хачу, я не абаронены і не падрыхтаваны. І гэта для мяне ўжо задалёка ў тэме паганства. Здаецца толькі апошнія дзве выставы адкрываюцца такім добрым надвор’ем. Таму што ўсе папярэднія выставы былі з навальніцамі, маланкамі і громамі. Гэтыя вышэйшыя сілы ёсць. Размова толькі пра адчуванні, і пра тое, як мы ставімся да свету.
Выстава Андрэя Лянкевіча “Паганства” працуе ў галерэі “Крынкі” да 23-га верасня.
Сёння ж, 27 жніўня, у мясцовым Доме культуры праходзяць асноўныя дыскусіі на тэму “Ці Бог не разумее па-беларуску” з удзелам святароў, мастакоў, літаратараў ды ўсіх зацікаўленых асобаў. Увечары – канцэрт з удзелам, між іншымі, гуртоў Re1ikt і Port Mone. Уваход на ўсе мерапрыемствы – вольны.
[Not a valid template]
* * *
“Ці Бог не разумее па-беларуску?” пад такой назвай сёлета пройдзе Беларускі Трыялог у мясцовасці Крынкі на Падляшшы. Мерапрыемства, якое традыцыйна спалучае культуру, мастацтва і літаратуру, было запачаткавана каля двух дзясяткаў гадоў таму выбітным беларускім і польскім пісьменнікам і публіцыстам Сакратам Яновічам. Пасля смерці творцы, яго вырашылі працягнуць у межах дзейнасці Фонду Villa Sokrates.
Старшыня фонду, мастак Лявон Тарасэвіч расказаў пра тое, чаму абраны такі назоў сёлетніх сустрэчаў:
– Сакрат у 1981 годзе напісаў артыкул пад такім загалоўкам і, думаю, ён і сёння актуальны. Калі робім сустрэчы Трыялогу ў Крынках, то даём такія тэмы, якія перадусім цікавяць нас. Хочам, каб на гэтую тэму была дыскусія розных людзей, з розных бакоў – і рэлігійнага, і літаратурнага, і культурнага, бо толькі праз абмен думак будуецца культура. І, думаю, – гэта галоўная спадчына, якую пакінуў нам Сакрат. Самае важнае, каб была група творчых людзей. На наступны год мы хочам зрабіць Трыялог пад загалоўкам: “Літва, Айчызна мая”. Бо ёсць людзі, якія не ведаюць, што такое гістарычная Літва, дзе яна знаходзілася. А з Літвы вырасла Беларусь. Нават дзецям не тлумачаць, чаму Адам Міцкевіч напісаў гэтыя радкі: “Літва, Айчызна мая”. Мы штогод хочам рабіць сустрэчы Трыялогу на тэмы, якія для нас цікавыя, і хочам пачуць меркаванні аўтарытэтных людзей.
РР: Хто сёлета будзе ўдзельнічаць у Трыялогах, як увогуле адбіраліся гэтыя ўдзельнікі?
Лявон Тарасэвіч: Прымуць удзел вельмі цікавыя людзі. Перадусім, гэта святары – Георгій Рой і Сяргей Сурыновіч. Мы хочам узняць рэлігійныя пытанні. Зараз мы з’яўляемся дыяспрай, хоць жывём на сваёй зямлі. З другога боку, нас цікавяць і культурныя пытанні. У Трыялогах прымуць удзел пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч. А вынікам нашых дыскусій стане выхад чарговага нумара часопіса Annus Albaruthenicus.
РР: Як мясцовыя жыхары ўспрымаюць Трыялогі, ці прыходзяць яны на гэтыя дыскусіі?
Лявон Тарасэвіч: Многія прыходзяць, але трэба мець на ўвазе, што культура не ўсіх цікавіць. Але нікога не трэба прымушаць. І трэба ўлічваць, што людзі, якія цяпер жывуць у Крынках, прыехалі сюды, а не жывуць тут з пакалення ў пакаленне.
Галоўнае, што мы як і раней збіраемся ў хаце Сакрата Яновіча пры каве пад ягонай яблынькай і дыскутуем. Вось гэта мусіць існаваць.
РР: Дом, дзе зараз месціцца Фонд Villa Sokrates, наколькі ён адчынены для кожнага?
Лявон Тарасэвіч: Кожны з нас заняты сваімі прафесійнымі справамі. Але самае галоўнае для нас – зберагчы гэты дом, каб ён заставаўся і домам-музеем Сакрата і месцам жывым, дзе праходзяць сустрэчы, дыскусіі. Мы адкрытыя для прапаноў.
Удзел у Трыялогу возьмуць літаратары Уладзімір Арлоў і Барыс Пятровіч, святары – Георгій Рой і Сяргей Сурыновіч, багаслоў і філосаф Ірына Дубянецкая ды іншыя асобы.
Асноўныя дыскусіі пройдуць у суботу 27-га жніўня ў будынку Дома культуры ў Крынках, а ўжо сёння а 18-ай гадзіне ў Галерыі “Крынкі” пабачым выставу беларускага фатографа Андрэя Лянкевіча “Паганства”. Па выніках Трыялогу плануецца выдаць чарговы нумар часопіса Annus Albaruthenicus.
З Лявонам Тарасэвічам гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам гутарку слухайце ў далучыным гукавым файле.
Фота Яны Запольскай