На Палессі рыхтуюцца адзначыць 210-годдзе Напалеона Орды
На Палессі шырока адзначаць 210-годдзе мастака, удзельніка вызваленчага паўстання 1830-31 гадоў Напалеона Орды. У Іванаўскім раёне, напрацягу года, урачыстыя мерапрыемствы будуць ладзіцца ў музейным комплексе Орды ў Варацэвічах. У Пінску цэнтрам падзей стане Музей Беларускага Палесся.
Даследчык гісторыі палескага краю Аляксандр Ільін кажа, што пасля канфіскацыі маёмасці за ўдзел у паўстанні, Напалеон Орда існаваў на эміграцыі дзякуючы сваім творам. Гэта пацверджанне, наколькі высокаякаснымі з’яўляюцца ягоныя працы.
– Як мы ведаем, яго маёнтак канфіскавалі, а жыць трэба было. З аднаго боку яго творчасць – гэта была любоў да роднай зямлі, да яе гісторыі, помнікаў і т.д. А з іншаго боку – гэтам ён зарабляў сабе на жыццё. Выдаваў гэтыя альбомы. Атрымліваў грошы. Нейкі даход з гэтага меў. Іншых крыніц для існавання ў яго ў той час не было, пасля канфіскацыі маёнтка.
Напалеон Орда пакінуў пасля сябе архітэктурныя замалёўкі вёсак, маёнткаў, палацаў былога Вялікага Княства Літоўскага – гэта ўнікальная спадчына.
Полацк. Сафійскі сабор. Малюнак Напалеона Орды.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя