На Палессі ўшанавалі памяць Любові Тарасюк
Імя даследчыцы беларушчыны, літаратаркі Любові Тарасюк, ушанавалі на родным Палессі. Артэфакты, звязаныя з дзейнасцю навукоўцы, яе кнігі і даследчыя працы сабралі для афармлення музейнага стэнду ў Пінкавіцкай бібліятэцы, што на Піншчыне. Гэтая ж бібліятэка ў хуткім часе будзе насіць імя выбітнай землячкі.
Сярод сабраных экспанатаў выдзяляецца дыплом-пасведчанне ганаровага сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, падпісаны прафесарам Адамам Мальдзісам, пасведчанне Саюзу пісьменнікаў Беларусі, падпісанае паэтам Васілём Зуёнкам і рукапісная праца пра беларускія традыцыі ў сучаснай літаратуры.
Супрацоўніца бібліятэкі Ірына Палюховіч спадзяецца, што сваякі навукоўцы перададуць яшчэ больш рэчаў:
-Мы спадзяёмся, што знойдуцца яшчэ іншыя асабістыя рэчы Любові Тарасюк. Кожны год будуць праходзіць урачыстыя мерапрыемствы ў дзень яе народзінаў 7 снежня. Будзем прапагандаваць яе творчасць, яе навуковую дзейнасць сярод землякоў, сярод школьнікаў. Спадзяёмся, што будуць прыязджаць да нас госці з Менска і з іншых куткоў Беларусі.
Любоў Тарасюк (1953-2006) каля 30 гадоў працавала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе стварыла звыш 200 навукова-метадычных прац для беларускіх навучальных устаноў і атрымала званне дацэнта. Уваходзіла ў Раду Таварыства беларускай мовы і рэдкалегію часопіса “Маладосць”.
[Not a valid template]
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара