На Пастаўшчыне развіталіся з Люцыянам Шчасным



На 78-ым годзе жыцця пайшоў у вечнасць паэт Люцыян Шчасны з Пастаўшчыны. 28 студзеня яго пахавалі на могілках у роднай вёсцы Хрыстова. Там ён нарадзіўся і пражыў усё жыццё. Развітацца з вясковым паэтам прыехалі родныя, сябры, аматары яго паэзіі з Пастаўскага, Глыбоцкага ды Шаркоўшчынскага раёнаў.

Як кажа сябра і сусед паэта Чэслаў Машніч, Люцыян быў таленавітым і неадназначным чалавекам, з якім цікава было паразмаўляць і паспрачацца на любую тэму.

– Імпульсіўны быў, завадны, любіў спрачацца. Спрачаліся мы часта. На палітычную тэматыку. Ён вельмі любіў Рубцова, палову зборніка вывучыў на памяць. “Я умру в крещенские морозы, я умру, когда трещат берёзы…” Так пра сябе пісаў у вершах Рубцоў. Але так выйшла, што і ён памёр у студзені.

Люцыян Шчасны быў прыхільнікам беларушчыны, размаўляў па-беларуску і пісаў на матчынай мове большасць сваіх вершаў. Пры дапамозе глыбоцкіх актывістаў выдаў пяць зборнікаў паэтычных твораў, найбольш вядомы з іх “Голас з рэзервацыі”. Шостую кнігу глыбачане выдалі пра самаго Люцыяна Шчаснага. Там змяшчаюцца ўспаміны пра паэта, яго творчасць ды апісваецца як сустрэчы з ім паўздзейнічалі на іншых людзей.

На жаль, у Саюз беларускіх пісьменнікаў яго не прынялі з-за невялікага наклада яго кніг. Але для людзей з некалькіх рэгіёнаў Беларусі ён застанецца сапраўдным “народным” паэтам.

Цалкам матэрыял:

Таццяна Смоткіна, Бларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі аўтаркі