На Піншчыне будзе памятны знак экспедыцыі Луізы Бойд
Міністэрства культуры Беларусі дало згоду на ўсталяванне на Піншчыне памятнага знаку ў гонар амерыканскай экспедыцыі Луізы Арнэр Бойд.
Навуковая вандроўка адбылася ўвосень 1934 года па выніках якой даследчыца выдала кнігу-фотальбом і зрабіла шэраг публікацыяў. Такім чынам, Захад і Злучаныя Штаты Амерыкі адкрылі для сябе Палессе.
Усталяванне помніка адбудзецца ў межах рэалізацыі праекта ў гонар 80-годдзя экспедыцыі, якім займаецца Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Інстытуцыйнага развіцця”. Адзін з кіраўнікоў арганізацыі Ігар Салавей паведаміў, што пакуль рана казаць пра дакладную дату адкрыцця:
— Атрыманы дазвол на ўсталяванне памятнага знаку, сведчыць пра тое, што ёсць разуменне важнасці падзеі 1934 года: экспедыцыі Луізы Арнэр Бойд. Ёсць тэхнічныя моманты, шмат залежыць ад надвор’я, але ў любым выпадку ўсё яшчэ будзе ўзгадняцца з Амбасадай ЗША і мясцовымі ўладамі.
Акрамя памятнага знака ў гонар амерыканскай экспедыцыі, ў лістападзе запланаваны выхад фотаальбома «Палессе Луізы Арнэр Бойд» і дакументальнай стужкі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота commons.wikimedia.org