На Піншчыне будзе памятны знак экспедыцыі Луізы Бойд?
На Піншчыне можа з’явіцца памятны знак у гонар амерыканскай экспедыцыі, якую зладзіла ўвосень 1934 года вандроўніца Луіза Арнэр Бойд.
Мясцовыя ўлады разгледзелі прапанову Інфармацыйна-асветніцкай установы “Інстытуцыйнага развіцця” і пагадзіліся з мэтазгоднасцю ўсталявання невялікай мемарыяльнай кампазіцыі.
Гісторык-краязнаўца Эдвард Злобін адзначыў, што мясцовыя ўлады прынялі слушнае рашэнне, бо грамадзянка ЗША зрабіла шмат для папулярызацыі Пінскага Палесся ў свеце:
– Тут увогуле парадокс з Луізай Бойд атрымліваецца: яна вядомая як даследніца Палесся дзе заўгодна – ў той жа Польшчы ці Амерыцы, але толькі не ў нас. За мяжой выйшла некалькі альбомаў падарожжаў яе экспедыцыі. Яна была проста зачараваная нашым Палессем.
Цяпер лёс памятнага знака ў гонар амерыканскай экспедыцыі па Палессі залежыць ад Міністэрства культуры, куды ў адпаведнасці з працэдураю перадалі дакументы для зацвярджэння.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота commons.wikimedia.org і з сайта media-polesye.by