На Піншчыне – “Лістапад Янішчыц”



На Піншчыне адзначаюць 69-я ўгодкі вядомай беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц. Яна нарадзілася 20-га лістапада 1948 году ў вёсцы Рудка Пінскага раёну, і трагічна загінула 25 лістапада 1988 году ў Менску. Таму ўсе мерапрыемствы аб’яднаныя пад агульнай назвай “Лістапад Янішчыц”.

За нядоўгае жыццё паэтка пакінула вялікую літаратурную спадчыну. Выкладчык гісторыі Алег Яроміч кажа, што Піншчына вельмі шануе імя вядомай ураджэнкі:

– На Піншчыне, на Палессі, у нас памяць пра Янішчыц жыве, яна пашыраецца. Вуліца яе імя, музей у Парэччы, дом з мемарыяльнай дошкай. У інтэрнэце на сайце Пінскага райвыканкама таксама згадваецца яе імя сярод знакамітых людзей Палесся.

Як адзначае дацэнт Інстытута мовы Святлана Калядка, паэтычная спадчына Яўгеніі Янішчыц — адна з самых яскравых і таленавітых старонак беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя