На Піншчыне святкуюць 130-годдзе Луізы Арнер Бойд



На Піншчыне святкуюць 130-годдзе амерыканскай даследчыцы Луізы Арнер Бойд. Яна ўвосень 1934 года арганізавала навуковую экспедыцыю з Львова да Вільні, ў ходзе якой асаблівае месца заняло Пінскае Палессе. Тут амерыканка затрымалася на два тыдні, зрабіла каля 700 здымкаў і вяла “палескі дзённік”.

Па выніках экспедыцыі Бойд правяла выставы ў ЗША і Еўропе, напісала шэраг артыкулаў і выдала кнігу, дзякуючы чаму заходні свет пазнаёміўся з “краінай багнаў”.

Ініцыявала юбілейныя мерапрыемствы грамадскае аб’яднанне “Садружнасць Палесся”. Планамі ўрачыстасцяў падзяліўся сакратар арганізацыі Ігар Салавей:

— Старт мерапрыемствам ужо дадзены, але кульмінацыя будзе ў лістападзе-снежні. Мы плануем запрашаць на нашы ўрачыстасці гасцей са усёй краіны. Усіх, каго цікавяць экспедыцыі па Палессі Луізы Арнер Бойд і ўвогуле постаць амерыканкі. На сённяшні дзень наша аб’яднанне завяршае праект па захаванні крыніц пінскага раёна, таму трошку тэрміны змененыя.

Мерапрыемствы адбываюцца ў межах праекта “Да 130-годдзя Панны Палесся”. Ім прадугледжана перавыданне фотаальбома “Палессе Луізы Бойд”, стварэнне экспазіцый у Музеі Беларускага Палесся, выданне паштовак і шэраг творчых вечарын.

Беларускае Радыё Рацыя