На Піншчыне ўсталююць памятны знак Луізе Арнер Бойд



Памятны знак у гонар амерыканскай экспедыцыі Луізы Арнер Бойд будзе на Піншчыне. Берасцейскі абласны экспертны Савет па мастацтву папярэдне ўхваліў усталяванне знака ў ваколіцах Пінска. Раней мэтазгодным з’яўленне помніка палічыла Міністэрства культуры і Пінскі раённы выканаўчы камітэт. Сам працэс яшчэ можа расцягнуцца да месяцу.

Памятны знак уяўляе сабой валун з надпісам па-беларуску і па-ангельку. Такім чынам ушаноўваецца сам гістарычны факт і ягоная важнасць для захавання гісторыка-культурнай спадчыны Палесся.

Гісторык-краязнаўца Эдвард Злобін называе такі крок – стварэннем чарговага брэнда для папулярызацыі турыстычна-гістарычнага патэнцыяла края:

– Быў нейкі выбух цікавасці да Палесся, як да турыстычнага аб’екту. Акрамя Луізы Арнер Бойд, амерыканкі, якая наведала гэты край, вядомая таксама гісторыя, калі ў Радзівілаў у Манькавічах жыў брытанскі генерал. І гэтыя гісторыі цікавыя для папулярызацыі Палесся – як для мясцовага насельніцтва, так і для ўсяго свету.

Увосень 1934 года сусветнавядомая амерыканская вандроўніца Луіза Арнер Бойд здзейсніла навуковую вандроўку па Палессі. Бойд зрабіла каля 700 здымкаў края, частку з якіх апублікавала ў 1936-37 гадах і такім чынам пазнаёміла ЗША і Заходнюю Еўропу з беларускім Палессем. Летась свет пабачыў фотаальбом “Палессе Луізы Бойд” і дакументальная стужка пра палескую экспедыцыю.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя