На радзіме Ігната Дварчаніна



Ignat-Dvarchanin8 чэрвеня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння вядомага дзеяча беларускага нацыянальнага руху, педагога, вучонага, паэта, перакладчыка Ігната Дварчаніна (1895-1937).  У гэты дзень наш карэспандэнт вырашыў наведаць радзіму Ігната Дварчаніна – Дзятлаўшчыну, дзе нарадзіўся і прайшло яго маленства.

Жыхары Дзятлаўшчыны памятаюць пра свайго земляка. У цэнтры Дзятлава стаіць помнік Ігнату Дварчаніну. У вёсцы Погіры, дзе нарадзіўся слынны дзятлаўчанін, ёсць вуліца Дварчаніна. Праўда, на тым месцы, дзе стаяла хата сям’і Дварчанінаў, стаіць іншы дом. Але на ім прымацавана мемарыяльная шыльда, якая паведамляе пра тое, што на гэтым месцы стаяла некалі хата, дзе нарадзіўся і жыў Ігнат Дварчанін. І на рускай мове напісана, што вуліца ў Погірах носіць імя Ігната Дварчаніна. Сёння ў вясковым доме жыве Надзея Лукашык. Яна шчыра сустрэла мяне, і я распавёў вясковай жанчыне, хто такі быў чалавек, які нарадзіўся на тым месцы, на якім месцы стаіць іх хата. “Дзякуй вам за цікавы аповед, – сказала жанчына, – я добра малюю, таму мы з сынам у бліжэйшы час перапішам шыльду на беларускую мову, а, магчыма, каля дома паставім камень і прымацуем да яго новую шыльду, якая будзе паведамляць пра тое, што тут стаяла хата Дварчанінаў”. А яшчэ Надзея Лукашык сказала, што ад хаты Ігната Дварчаніна застаўся толькі склеп. “Такога склепа не мае ніхто, у ім груглы год адна тэмпература. Там можна зберагаць усё і нічога ніколі не сапсуецца”, – прызналася жанчына.

Побач з Погірамі знаходзіцца вёска Жукоўшчына. У вёсцы працуе найвыдатнейшая сельская бібліятэка, якую давялося бачыць. Яе загадчыца Людміла Цюленіна зрабіла невялікую экскурсію па бібліятэцы, а таксама паказала літаратурны пакой у бібліятэцы “Знакамітыя людзі зямлі Жукоўшчынскай”. У гэтым пакоі наладжана і выстава, прысвечаная жыццю і творчасці Ігната Дварчаніна.

Вяртаючыся з Погіраў, яшчэ раз заехаў у Дзятлава. Спыніўся каля былога палаца Радзівілаў. На яго сценах размешчана мемарыяльная дошка: “Тут у настаўніцкай семінарыі з 1909 па 1912 год вучыўся наш зямляк І.С.Дварчанін, вядомы дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, доктар філасофіі”.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён

Фота аўтара