На радзіме заходнебеларускага паэта Жальбы
У 1937 годзе беларускі паэт з Дзятлаўшчыны Аляксандр Бяленка (1898-1991) пісаў у вершы “Мой народ” у часопісе “Шлях моладзі”:
Я ў песнях цябе выслаўляю
І ў думках жыву я табой,
Шчасліў тваім шчасцем бываю
І плачу тваёю слязой…
Свае вершы ён падпісваў псеўданімам Н.Жальба. Нарадзіўся ў вёсцы Гірычы на Дзятлаўшчыне. А ў суседніх з яго роднай вёскай Зачэпічы жылі і пісалі тады паэты Струмень, Прамень, Граніт, якія таксама актыўна друкаваліся ў многіх беларускіх выданнях Вільні. Актыўна друкаваўся і Жальба ў 1930-х гадах у “Беларускай крыніцы”, у “Шляху моладзі”, у “Хрысціянскай думцы” і іншых заходнебеларускіх газетах і часопісах. Ён не толькі са сваімі сябрамі займаўся літаратурай, але і грамадскай дзейнасцю. Пры Польшчы разам з землякамі ён распаўсюджваў адозвы, наладжваў сходы, змагаўся за развіццё беларускай нацыянальнай культуры, падтрымліваў цесную сувязь з падпольшчыкамі КПЗБ.
А з другой паловы ХХ стагоддзя асабліва ў вялікія паэты не лез, друкаваўся толькі ў мясцовым раённым друку і сяды-тады яго вершы траплялі ў абласную прэсу. Праўда, Уладзімір Калеснік адзін яго верш змясціў у зборніку заходнебеларускай паэзіі “Ростані волі” (Мн., 1990).
Пасля вайны Аляксандр Бяленка пераехаў у суседнюю вёску Труханавічы, дзе і пражыў усё сваё жыццё. Там у Труханавічах на вясковых могілках і пахаваны ён са сваёй жонкай.
Наш карэспандэнт нядаўна наведаў вёску Труханавічы Дзятлаўскага раёна. Вёска зусім не тая, якая была 30-50 гадоў таму. Цяпер у ёй пражывае толькі 36 чалавек на дзвюх вуліцах, якія называюцца Новая і Гагарына. Праўда, сярод вяскоўцаў жывуць у Труханавічах і дачка Аляксандра Бяленкі Ганна Мілейка і ўнук Іван. Спадарыня Ганна неяк здзівілася, што прайшло шмат гадоў і ўспомнілі яе бацьку. Яна неяк разгубілася і сказала, што да сённяшніх дзён у яе не захавалася ні фотаздымкаў бацькі, ні вершаў. Стаіць і хата паэта Н.Жальбы, на дзвярах вісіць вялікі замок, але вакол хаты чыста і прыбарана. За надворкам і агародамі прыглядае ўнук паэта Іван.
Па словах вяскоўцаў, Аляксанд Бяленка быў вельмі адукаваным чалавекам. Ён верыў у Бога, пастаянна хадзіў у царкву. Заўсёды ў кішэні насіў блакноцік і аловак, калі надавалася вольная хвіліна – ён пісаў вершы. Яны часта друкаваліся на старонках раённай газеты. А яшчэ прыгадваюць вяскоўцы, паэт шмат чытаў, да яго часта прыязджалі госці…
На вялікі жаль, паэтычная творчасць Н.Жальбы да сённяшніх дзён не сабрана пад адну вокладку і не выдадзена асобнай кніжкай. Хаця вельмі шмат у яго вершаў, якія варта захаваць для нашчадкаў. У адным з паэтычных твораў Н.Жальба пісаў у 1933 годзе:
За праўду светлую ў жыцці
Аддай свае ўсе сілы,
І гэтым шляхам ты ісці
Прысягні да магілы.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён
Фота аўтара