На радзіму вярнуліся кнігі з легендарнай кніжніцы Храптовічаў
Тры кнігі з легендарнай бібліятэкі графаў Храптовічаў вярнуліся на радзіму з Германіі. Іх перадалі ў дар Марыён Швезінгер і Гельмут Фікель, паведаміла кіраўніца Мясцовага культурна-асветніцкага фонду «Шчорсы і Храптовічы» Ганна Булда. Ці сапраўды каштоўныя асобнікі належалі кніжніцы ў Шчорсах выявіць экспертыза, якую неўзабаве правядзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
Дзве кнігі на французскай мове: «Грамадзянская гісторыя каралеўства Неапаль у перакладзе з італьянскай П’ера Джанонэ» (са штампам Іахіма Храптовіча), «Расійскія палітычныя, літаратурныя, гістарычныя і некралагічныя дзённікі» (са штампам Адама Храптовіча), трэцяя кніга – білінгва, зборнік лацінскіх і нямецкіх одаў (штамп адарваны).
Артэфакты перадалі Беларусі нашчадкі Германа Швезінгера. Пад час Першай сусветнай вайны ён знайшоў іх у напаўразгромленым палацы Храптовічаў і пераправіў у Германію. «Ён разумеў каштоўнасць кніг, бо быў вельмі адукаваным чалавекам, выкладаў філасофію ва ўніверсітэце. У свой час пацярпеў ад нацысцкай сістэмы – сядзеў у Бухенвальдзе. Перад смерцю завяшчаў дзецям перадаць кнігі тым, чыя гэта каштоўнасць. Цудам яго нашчадкі знайшлі нас (фонд «Шчорсы і Храптовічы» – Рэд.) і перадалі іх у дар. Калі мне прыйшоў ліст, я думала, што гэта розыгрыш. Аднак усё апынулася праўдай!» – распавядае Ганна Булда.
Ганна Булда з Марыён Швезінгер
Славутую кніжніцу ў Шчорсах пачаў збіраць апошні канцлер ВКЛ граф Іахім Ігнаці Літавор Храптовіч. Бібліятэка змяшчала больш за 10 тысяч каштоўных кніг, мапаў, рукапісаў і дакументаў. Адна частка кніг была спалена савецкай уладай у 1939 годзе, другая знаходзіцца ва Украіне, некаторыя асобнікі разышліся па прыватных калекцыях.