На шчасце, багацце, з найлепшымі пажаданнямі



“Саламяныя павукі – наш скарб” – так называецца выстава, якая экспануецца ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

Тут можна ўбачыць узоры бадай што самага таямнічага, сакральнага элементу інтэр’еру сялянскай хаты. Нашыя продкі верылі, што крохкая канструкцыя з саломкі з’яўляецца абярэгам ад нячыстай сілы, або – па-сучаснаму – ад кепскай энергетыкі, кажа майстрыха з Шумілінскага раёну Наталля Сцержанкова:

– Рабіўся павук на Каляды. Калі не было працы на зямлі, то маці з дзецьмі ці бабуля рабілі павукоў. І вось цэлы год ён збірае энергію дрэнную, потым яго паляць. І вешаюць новага. А стары трэба спаліць, каб уся гэтая дрэнная энергія разам з ім згарэла.

Павукі мелі адвечнае прызначэнне – ахоўваць, прыносіць шчасце і ў той жа час упрыгожваць сялянскае жытло. Але ўвасаблялася гэта ў кожным рэгіёне па-свойму, гаворыць Ірына Князева, вядучы метадыст выставачнай залы абласнога цэнтру народнай творчасці:

– Гэта вясельны павук з Сянно. У чым асаблівасць павукоў з Сенненскага раёну? У тым, што ў іх выкарыстана фасоля. Бо яна сімвалізуе дабрабыт і здароўе. І паколькі павук ужо з’яўляецца творам мастацтва, то і кожны мастак прыўносіць у яго нешта сваё.

Сёлета майстэрству рабіць павукі быў прысвечаны адмысловы майстар-клас у межах фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Майстрыхі з розных рэгіёнаў Віцебшчыны супольна зрабілі вялізнага, палутараметровага саламянага павука, які цяпер таксама экспануецца на выставе ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя