На свяце ў Жыровічах не было ніводнай кнігі па-беларуску
20 траўня ў Жыровічах, што недалёка ад Слоніма, адзначаюць Дзень з’яўлення Жыровіцкай Іконы Божай Маці. І сёння ў Жыровічах даволі людна, хоць і не так, як у мінулыя гады.
На свята прыехаў і мітрапаліт Менскі і Слуцкі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел, які правёў службу ў гонар Жыровіцкай Іконы Божай Маці.
Сапраўды, сёння Жыровiчы з’яўляюцца жаданым месцам паломнiцтва для хрысцiян не толькi Беларусi. Яны iдуць сюды, каб узнесцi хвалу цудатворнай Іконе святой Багародзiцы.
Калiсьцi даўным-даўно на месцы манастыра быў дрымучы лес. Належаў ён падскарбiю Вялiкага княства Лiтоўскага Аляксандру Солтану. Аднойчы летнiм днём 1470 года мясцовыя праваслаўныя вернiкi пасвiлi ў лесе кароў. Непрыкметна зайшлi яны туды, дзе нiколi раней не былi. I ў лясным паўзмроку заўважылi ў галiнах лясной грушы-дзiчкi нязвыклае дзiўнае святло. Яны спусцiлiся з пагорка на бераг ручая i здзiвiлiся яшчэ больш. На дрэве, у зялёналiстым атачэннi, як у шатах, цудадзейным святлом праменiўся абраз Божай Мацi з ейным святым сынам на правай руцэ. Пастухi знялi абраз з дрэва. Быў ён выразаны з каштоўнага каменю яшмы, невялiкi, змяшчаўся на далонi рукi. Меў авальную форму.
Усцешаныя незвычайнай знаходкай, пастухi аднеслi абраз Солтану. Той не надаў значэння расказам пастухоў i схаваў яго ў куфэрак. Калi ж на наступны дзень захацеў паказаць лясную знаходку гасцям, абраза ў куфэрку не аказалася. Не адчуваючы нiчога благога да служылых людзей, гаспадар маёнтка, аднак, моцна здзiвiўся гэткаму здарэнню.
А праз некалькi дзён пастухi знайшлi знiклы абраз у тым самым лесе, над тым самым ручаём i на той жа дзiкай грушы. Яны зноў знялi яго i зноў перадалi свайму гаспадару. Аляксандр Солтан, усвядомiўшы незвычайнасць падзеi, сам пайшоў на месца з’яўлення абраза. Там ён даў абяцанне збудаваць у гонар дзiвоснай праявы царкву. Неўзабаве тут паўстаў драўляны праваслаўны храм, галоўны алтар якога знаходзiўся акурат на месцы, дзе расла лясная груша. А пазней узнiкла тут паселiшча Жыровiчы…
На свяце ў Жыровічах было шмат праваслаўных вернікаў з усіх абласцей Беларусі. Тут актыўна працаваў гандаль. Здзівіла толькі тое, што сярод мноства праваслаўнай літаратуры, якую вернікі маглі набыць падчас свята ў Жыровічах, не было ніводнай кнігі на беларускай мове. Толькі выданні па-расейску. А што гэта былі за выданні – можна здагацца па адных загалоўках.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Жыровічы
Фота аўтара