У Менску адкрылася выстава Алеся Пушкіна



У Менску ў праваабарончай прасторы „Тэрыторыя правоў” урачыста адкрылася выстава турэмных малюнкаў Алеся Пушкіна. Арганізатарка выставы – кіраўніца “Цэнтра даследаванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі” Паліна Сцепаненка.

Гэта памяць пра падзеі 2012 года, калі мастак з Бабра разам з паплечнікамі зладзіў у Смаргоні акцыю памяці героя беларускага антыбальшавіцкага супраціву Расціслава Лапіцкага. За гэта яго арыштавалі, а ў камеры Пушкін рабіў малюнкі з нататкамі. Пра тыя падзеі распавядае сам мастак:

– Дабіцца, каб не было ўжо гэтага Леніна, каб была вуліца Лапіцкага. Пра яго ўжо выйшаў фільм Валырыя Мазынскага „Як пошуг маланкі”. Міхаіл Чарняўскі напісаў цудоўную кніжку пра яго. Улада зрэагавала вельмі брутальна, нас проста арыштавалі разам з гэтымі карцінамі. Запёрлі спачатку на ноч у смаргонскую турму, назаўтра быў суд і мне далі 12 сутак.

Рэдактар „Турэмнага альбома” Алеся Пушкіна Алена Лапцёнак распавяла, што акрамя смаргонскіх нататак увайшло ў выданне:

– Тэкст асобны быў у сшытку набраны, не ў альбоме – гэта „Акрэсцінскія нататкі”. Іх набралі таму, што яны не былі ў альбоме. Тое, што было ў альбоме так і засталося.

Таксама на адкрыцці выставы выступалі мастак Валянцін Варанішча, праваабаронца Алесь Дзергачоў і іншыя людзі, якія мелі дачыненне да мастацкіх перформансаў Алеся Пушкіна.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фотаздымкі Касі Манюк