На ўшанаванне памяці каралевы Боны няма сродкаў
На тое, каб ушанаваць памяць каралевы Боны ў Гародні ў выглядзе помніка або памятнай шыльды – няма грошай.
Такі адказ атрымала адна са стваральнікаў петыцыі па ўшанаванні памяці Боны Сфорцы – гарадзенская журналістка Ірына Новік:
– У адказе на петыцыю нам паведамілі, што Бону Сфорцу ўнеслі ў спіс асобаў, якія могуць быць уганараваныя ў Гародні.
На думку журналісткі, актывісты будуць намагацца зрабіць усё, каб памяць пра каралеву ўшаноўвалася ў Гародні, але на 2019 год у бюджэце няма сродкаў на мемарыяльныя шыльды ці помнікі:
– У прынцыпе я лічу, што гэта вельмі добры адказ, бо калі сёлета няма, то з’явіцца на наступны год, ці будзем шукаць спонсараў, будзем ладзіць краўдфандзінг. Сродкі знойдуцца, галоўнае, што ёсць прынцыповая згода. Здараецца ў нас вельмі часта, што жанчыны застаюцца празрыстымі, незаўважнымі ў грамадстве. Іх заслугі, іх дзеянні проста не ацэньваюцца, а ўспрымаюцца, як нешта такое другаснае. У спісе былі мужчыны, былі гарадзенскія мастакі, таксама кіраўнікі горада, але вось не было жаночых імёнаў. Тое, што яна ў гэтым спісе ўжо ёсць, ужо невялікая перамога, а далей трэба проста працаваць.
Журналістка Ірына Новік таксама з’яўляецца аўтаркай даследавання гарадзенскіх вуліц, па яе словах у горадзе налічваецца толькі тузін вуліц, якія носяць імёны і прозвішчы вядомых жанчын, сярод якіх пакуль яшчэ няма вуліцы каралевы Боны.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня