На варшаўскіх курсах Мова Нанова размаўлялі пра свет невідушчых



Госцем чарговых варшаўскіх заняткаў Мова Нанова стаў расеец Вячаслаў Чэрнеў – невідушчы паліглот, які вывучыў шэраг цюркскіх і славянскіх моваў, у тым ліку беларускую, будучы ў Расеі, праз Інтэрнэт і без непасрэднага размоўнага кантакту з беларускамоўным асяроддзем.

dscf5773

Ён распавёў пра сістэму Брайля, пра цяжкасці і магчымасці невідушчых.

– І так, ну паколькі зрок сапсаваўся і я са зроку карыстацца не магу, на якія аналізатары накіраваныя сродкі, каторыя мы можам выкарыстоўваць у Інтэрнэце, у звычайным жыцці падчас атрымання інфармацыі? Дотык і голас. І вось голас, якім мне начытваецца інфармацыя з экрану, чым мне не падабаецца расейскі? Інтанацыя, з якой ён чытае, застаецца расейскай, тут нічога не паправіш, хіба што адмыслова новы голас ствараць. А беларуская мова з расейскай інтанацыяй ну так «вухі рэжа»! Беларуская інтанацыя ў расейскай мове ўжо так па вушах ня б’е, але я яе чую.

РР: Чым адрозніваецца інтанацыя расейскамоўнага беларуса ад расейскай мовы адукаванага масквіча?

– Тэхніка вымовы гукаў у беларусаў закадаваная крышачку іншая. І ва ўкраінцаў гэта таксама ёсць. Рэдукцыя гукаў пабудаваная крышачку па-іншаму. І другое – акцэнтуацыя ў беларусаў таксама іншая. Націск у беларусаў не колькасны, а толькі сілавы. Націскны гук не падаўжаецца, а ў расейцаў яшчэ і падаўжаецца. То бок дзве галоўныя прыкметы мовы беларуса – характар акання і характар націску.

Гэта не першы выпадак, калі я трапляю на Мову Нанова ўвогуле, а асабліва ў Варшаве. Але ўпершыню я быў  спецыяльным госцем спаткання.

РР: Ці публіка была цікаўная тэмы, ці была дастаткова разумная, каб вас зразумець?

– Яны зразумелі. Але я яшчэ раз пераканаўся ў тым, што мы, невідушчыя, маем свой умоўны «код», які відушчыя не заўсёды разумеюць. Публіка пераважна зразумела мяне, бо я абстрагаваўся ад гэтага «коду», наколькі гэта было магчыма. Але ўсё ж быў напрыканцы момант, калі я адказаў гэтым «кодам». Я сказаў: «нам трэба ведаць, як выглядае прадмет». А «ведаць, як выглядае» па-нашаму гэта не значыць, што трэба яго бачыць зрокам. «Па-відушчаму» гэта азначае, што трэба нешта пабачыць праз зрок, а для нас гэта азначае, што дастаткова проста датыкнуцца, і нават не цалкам. Найважнейшае, што я хацеў бы данесці, і я спадзяюся, што ў мяне гэта атрымалася, што ў невідушчых, вядома, ёсць гэтае абмежаванне ў сэнсе здароўя, але гэта не значыць, што яно ёсць у сэнсе культурным, адукацыйным, інтэлектуальным ці іншых сферах, дзе зрок можа быць нават і не патрэбны.

РР: Скажыце, ці ў беларускіх невідушчых таксама ёсць дзвюхмоўе, і ці ім лягчэй карыстацца беларускай ці расейскай?

– Сярод невідушчых я не адзіны беларускамоўны. Але рэч у тым, што настаўнікі часам не ведаюць, як выкарыстаць патэнцыял, што закладзены ў невідушчым праз ягоны стан слыху, выкліканы бракам зроку. Бо невідушчы можа быць шматмоўным, бо ён лепш чуе.

РР: Вы маеце на ўвазе, што невідушчыя ў параўнанні з відушчымі маюць нават перавагі ў вывучэнні моваў?

– Так. Але гэты патэнцыял на вялікі жаль не выкарыстоўваецца ў дастатковай ступені падчас адукацыі невідушчых дзяцей. Можа патэнцыял і не большы, чым сярод відушчых, бо ўсё ж ёсць і іншыя вымярэнні мовы, апроч гукавага, але ён даволі высокі, так.

Ганна Малашэня, Баранавічы: – Я сёння першы раз на Мове Нанова. Вельмі крыўдна тое, што ў асноўным усе навокал гавораць па-расейску. Хаця мы беларусы, і мы мусім ведаць беларускую мову.

РР: Вам няма з кім размаўляць па-беларуску?

– Не.

РР: Раскажыце пра ўражанні ад сённяшняй сустрэчы, ад сённяшняй тэмы.

– Я даведалася шмат новага. Сённяшні госць уразіў тым, што пры сваіх абмежаваннях ён ведае больш, чым ведаю я і кожны «звычайны» чалавек. Гэта кажа аб тым, што заўсёды трэба ісці наперад, не спыняючыся на дасягнутым.

Галоўнае, што адзначылі слухачы на сустрэчы – гэта незвычайныя здольнасці, якія прадэманстраваў Вячаслаў Чэрнеў. А ён у сваю чаргу кажа, што гэтыя здольнасці зусім не незвычайныя, а цалкам натуральныя, толькі вось над імі трэба рупліва працаваць. Чаго і пажадаў усім беларускім невідушчым і відушчым.

[Not a valid template]

Заняткі Мова Нанова ў Варшаве адбываюцца штотыдзень у Беларускім Доме на Вейскай 13/3 пры інфармацыйнай падтрымцы Радыё Рацыя.

Матэрыял у гукавым фармаце:

Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя