На віцебскіх курсах “Мова Нанова” гулялі ў “БІГ”
“БІГ” – гэта “Беларуская інтэлектуальная гульня”, якую прыдумалі ў Менску. Жыхароў Віцебску з ёй пазнаёмілі на курсах “Мова Нанова”, якія традыцыйна праходзяць у арт-пабе “Торвальд”.
Чым яна адрозніваецца ад іншых гульняў, кшталту “Што?Дзе?Калі?”, тлумачыць вядоўца курсаў Таццяна Дубоўская:
– Гэта гульня, якая датычыцца беларускай гісторыі, культуры, мовы, літаратуры, мастацтва, і сусветнага кантэксту, які мае беларускія карані. Што гэта значыць? Гэта звесткі пра вядомых дызайнераў, архітэктараў ды іншых вядомых людзей, якія маюць беларускія карані. “Беларуская інтэлектуальная гульня” разлічана не толькі на прафесіяналаў, але і на людзей розных заняткаў, і гэта сапраўды класна, бо кожны справіўся прынамсі з нейкім адным пытаннем дакладна. А тым больш, мы тут стараемся адукоўваць людзей, і яны цудоўна справіліся з пытаннямі, якія датычыліся мовы.
Сёлета віцебскія курсы “Мова Нанова” адзначаць 5-гадовы юбілей: завяршаецца пяты навучальны год, напрыканцы якога вядоўцы хочуць падсумаваць вынікі і павіншаваць усіх выпускнікоў. Таму наступныя, апошнія заняткі гэтага сезону вырашана правесці ў фармаце сяброўскай вечарыны з пачастункамі і канцэртам.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя