На завяршэнне кансервацыі касцёла ў Будславе не стае каля 400 тыс. рублёў
На завяршэнне этапу ўступнай кансервацыі пашкоджанага пажарам касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе (Мядзельскі раён, Менская вобласць) не стае як найменш 400 тыс. рублёў, паведаміў на пленарным пасяджэнні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ) старшыня камісіі па ліквідацыі наступстваў здарэння дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.
Як паведамляе партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, біскуп Яшэўскі пазнаёміў іерархаў з ходам рэканструкцыі нацыянальнага санктуарыя. Ён паведаміў, што на аднаўленне святыні асобныя людзі і арганізацыі пералічылі ахвяраванні ў памеры 1 млн 20,979 тыс. рублёў. Гэтыя сродкі, паводле слоў Яшэўскага, былі выкарыстаныя на „аплату праектных і рамонтна-будаўнічых работ у касцёле, авансы падрадчыкам, экспертызы, закупку матэрыялаў і іншыя мэтавыя патрэбы”.
Разам з тым ён адзначыў, што гэтых грошай недастаткова, каб завяршыць кансервацыю, якая папярэднічае грунтоўнай рэстаўрацыі касцёла.
На пасяджэнні каталіцкія іерархі таксама зацвердзілі праграму ўдзелу касцёла ў Беларусі ў працы Сінода біскупаў Паўсюднага касцёла, прызначылі ксяндза-каноніка Андрэя Аніскевіча з Віцебскай дыяцэзіі дырэктарам дабрачыннага таварыства „Caritas Беларусь”, а ксяндза Віталія Дабраловіча з Гродзенскай дыяцэзіі — дырэктарам Пастырскага цэнтра пры ККББ, разгледзелі іншыя пытанні.
Наступнае пленарнае пасяджэнне ККББ адбудзецца 10 лістапада.
Як паведамлялася, пажар у нацыянальным санктуарыі здарыўся 11 траўня. Абваліўся дах храма, абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсвяцейшы Сакрамент (Святыя Дары) i iншую маёмасць паспелі вынесці. У той жа дзень ККББ звярнулася да людзей па дапамогу ў зборы сродкаў на аднаўленне касцёла, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.
12 траўня была створаная спецыяльная камісія па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўленні будслаўскага касцёла. Тады ж быў атрыманы дазвол на разбор рэшткаў даху. З таго часу клір касцёла і валанцёры разабралі абгарэлыя часткі, сталі прасушваць унутранае ўбранне святыні і арган, устанавілі ўсярэдзіне кантролеры вільгаці, ачысцілі дах ад смецця і вуглёў, разабралі падвалы.
У канцы траўня — на пачатку чэрвеня касцёлу зрабілі часовы дах, а таксама сістэму адводу дажджавой вады. На пачатку жніўня каля храма паклалі дарожныя пліты для падвозу матэрыялаў і падрыхтавалі пляцоўку для будаўнічага крана. Была дастаўленая партыя металу для пакрыцця верху святыні наўзамен згарэламу даху. Ліквідаваць наступствы пажару працягваюць да гэтага часу.
БелаПАН