Набліжаецца „Ноч музеяў”



Музей Беларускага Палесся, адзін са старэйшых у краіне, запрашае на “Ноч музеяў”. Удзельнікаў акцыі чакаюць не толькі экскурсіі па музейных залах, але гульні, конкурсы і музычная праграма. Мерапрыемства разлічана на ўсе ўзроставыя катэгорыі. Захавальніца музейных фондаў Галіна Мазоль адзначыла, што гэта добры шанец дакрануцца да мастацтва і мінуўшчыны:

–  Еўрапейская акцыя атрымала назву “Ноч музеяў”. Яна скіравана на тое, каб людзі, якія не маюць вольнага часу ці грошай на білет, маглі душой і сэрцам дакрануцца да скарбаў сусветнай культуры. Мы падрыхтавалі і музейную выставу, і гульнявую праграму для нашых маленькіх наведвальнікаў, і святочны канцэрт.

Большасць музеяў Беларусі правядуць акцыю загадзя да агульнаеўрапейскай “Ночы музеяў”, але ў Пінску мерапрыемства адбудзецца 22-га траўня. Таму ёсць магчымасць двойчы прыняць удзел у акцыі.

А “Ноч музеяў” у Беластоку адбудзецца ўжо ў гэту суботу, 16 траўня. Пачатак а 18 гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя