Набор студэнтаў ва Універсітэце імя Гілевіча адбудзецца не раней за 2021 год



Набор студэнтаў у прыватным Універсітэце імя Ніла Гілевіча, што заснаваны Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ), адбудзецца не раней за 2021 год, паведаміў БелаПАН ганаровы старшыня ТБМ і выканаўца абавязкаў рэктара гэтай ВНУ Алег Трусаў.

Прычынай таму стала тое, што ўніверсітэт не паспявае атрымаць ліцэнзіі Міністэрства адукацыі на навучанне па шэрагу спецыяльнасцяў і дазвол на набор студэнтаў.

17 ліпеня 2019 года кіраўніцтва ВНУ падало на экспертызу вучэбна-метадычнай рады пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (БДУКМ) распрацаваныя планы навучання і метадычныя комплексы па вучэбных профілях „Паланістыка” і „Германістыка” ў рамках спецыяльнасці „Культуралогія”. 19 ліпеня ў аналагічную раду пры Белдзяржуніверсітэце былі пададзеныя комплексы па спецыяльнасцях „Музейная справа, ахова помнікаў, турызм”, „Літаратурны і мастацкі пераклад”, „Інфарматыка, вэб-дызайн і камп`ютарныя тэхналогіі”. Без навучальна-метадычнага комплексу, ухваленага радай, нельга атрымаць ліцэнзію Мінадукацыі на навучанне па той ці іншай спецыяльнасці.

Раней Трусаў казаў БелаПАН, што, калі ліцэнзіі Мінадукацыі па згаданых спецыяльнасцях удасца атрымаць да 1 сакавіка 2020 года, улетку універсітэт правядзе набор студэнтаў, якіх пачнуць навучаць з верасня.

Выканаўца абавязкаў рэктара ВНУ нагадаў, што рада БДУКМ ухваліла метадычныя комплексы па „Культуралогіі”, але ў БДУ засталіся незадаволеныя дакументамі па іншых спецыяльнасцях. „Зараз мы працуем з Міністэрствам адукацыі, каб ужо выйсці на атрыманне ліцэнзіі па „Культуралогіі”. Адносна іншых спецыяльнасцяў нам напісалі масу заўваг. Мы на гэтыя заўвагі паслалі тры пачкі дакументаў, цяпер чакаем адказу”, — адзначыў Трусаў.

Аднак нават калі ўніверсітэт здолее атрымаць неабходныя ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць, абвясціць набор студэнтаў сёлета ўсё адно не зможа. „Аказваецца, пасля атрымання ліцэнзіі нам павінны даць дазвол на набор студэнтаў, гэта асобная працэдура, пра якую мне ніхто раней не казаў, — звярнуў увагу ганаровы старшыня ТБМ. — Калі здарыцца цуд і да кастрычніка мы атрымаем гэты дазвол, то набіраць студэнтаў зможам толькі на наступны год. Таму, калі ўсё будзе добра, набор адбудзецца ў 2021 годзе”.

Ствараць прыватны беларускамоўны ўніверсітэт ТБМ пачало ў 2017 годзе. У тым жа годзе Мінгарвыканкам зарэгістраваў ВНУ як структурнае падраздзяленне ТБМ і выдзеліў памяшканне для офіса будучай навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць назву ВНУ. Пасля паўтара дзясятка няўдалых спроб установу зарэгістравалі як Універсітэт імя Ніла Гілевіча. Неўзабаве быў зарэгістраваны і статут ВНУ, згодна з якім навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях.

Падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка 2019 года, у якой удзельнічаў Алег Трусаў, Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў стварэнне ўніверсітэта. „Тое, што вы там — гэта трэба пацікавіцца — універсітэт стварылі самі, не спадзеючыся ні на каго, — ну, гэта добра”, — сказаў афіцыйны лідар дзяржавы. У той жа час ён папярэдзіў: „Толькі каб гэта быў, Алег, правільны ўніверсітэт. Ну мы ж з табой ужо пражылі нямала часу. Каб рускую мову паважалі і вывучалі”.

belapan.by