Скульптура Восіпа Цадкіна „Вяртанне блуднага сына” застанецца ў Віцебску



Прэзентаваная на „Славянскім базары” скульптура Восіпа Цадкіна „Вяртанне блуднага сына” застанецца ў Віцебску. Аб гэтым паведаміў журналістам куратар карпаратыўнай калекцыі ААТ „Белгазпрамбанк” Аляксандр Зіменка.

Паводле яго слоў, скульптура „Вяртанне блуднага судна”, адлітая ў 1962 годзе пры жыцці мастака, была набыта для карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка на аўкцыёне Christie’s у 2016 годзе і дагэтуль не экспанавалася. Сёння ў Віцебску яна стала цэнтральным экспанатам культурнага праекта „Восіп Цадкін. Вяртанне” і ўпершыню была шырока прадстаўлена публіцы.

„Пасля завяршэння работы выстаўкі гэта скульптура застанецца ў Віцебску. Мы разам з мясцовымі органамі ўлады разглядаем розныя варыянты, як яна можа быць упісана ў культурную прастору горада і стане прыкметнай падзеяй у яго жыцці”, – сказаў Аляксандр Зіменка.

Выстаўка работ Восіпа Цадкіна, якая адкрылася ў музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, стала першым праектам насычанай праграмы культурных падзей „Славянскага базару”. У экспазіцыю ўвайшлі таксама скульптура „Малая П’ета” (бронза, 1961 г.) і дзве карціны – „Возера” і „Трое аголеных за сталом”, што адносяцца да розных перыядаў творчасці мастака.

Значнасць праекта як яркага прыкладу плённага дзяржаўна-прыватнага партнёрства падкрэсліў дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў „Славянскі базар у Віцебску”, генеральны дырэктар Цэнтра культуры „Віцебск” Аляксандр Сідарэнка. „Прыемна, што першы выставачны праект „Славянскага базару” прысвечаны творчасці нашага знакамітага земляка, выдатнаму прадстаўніку Парыжскай школы. Спадзяюся, ён стане не апошнім з серыі, рэалізаванай у Віцебску з удзелам Белгазпрамбанка”, – адзначыў ён.

Ураджэнец Віцебска Восіп Цадкін з’яўляецца адным з буйнейшых прадстаўнікоў авангарднага мастацтва ХХ стагоддзя. Сюжэт скульптуры „Вяртанне блуднага сына” навеяны не толькі вядомай біблейскай прытчай, але і выпадкам з жыцця самога аўтара. У 1906 годзе ён парваў адносіны са сваёй сям’ёй і самастойна пасяліўся ў Лондане, але праз некалькі гадоў вярнуўся за прымірэннем на радзіму да бацькі.

belta.by