“Надзея святая таёмна крадзецца…”
Да 115-годдзя паэта, драматурга, празаіка, выдаўца і грамадскага дзеяча Сяргея Новіка-Пеюна (1906-1994).
На фота: Сяргей Новік-Пяюн у Якуціі, 1955 г.
Нядаўна яшчэ раз перачытаў, пераглядзеў, успомніў мужнага, цярплівага, таленавітага і сціплага чалавека пісьменніка Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна. Лісты Сяргей Міхайлавіч пісаў вялікія, шчырыя, сур’ёзныя. У пісьмах заўсёды мяне называў па-бацьку і на “вы”, а пры сустрэчах — на “ты” і проста па імені. На лістах абавязкова ставіў тры пячаткі: адна была з адваротным адрасам, на другой было напісана “Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн г. Менск”, а на трэцяй — былі словы “Сяргей Новік-Пяюн”. Вось некалькі радкоў з яго пісем: “25-га лістапада 1943 года па даносе правакатара мяне арыштавалі гестапаўцы і асудзілі на смерць за антыфашысцкую дзейнасць. Са слонімскага музея, дзе я працаваў і жыў, рабаўнікі пазабіралі ўсе мае рэчы і ў тым ліку маю мандаліну. Чакаючы смерці ў адзіночцы слонімскага астрогу, я стварыў песню “Мандаліначка” і “запісаў” яе ў памяці…” (з пісьма ад 18 жніўня 1988 года); “Я некалькі разоў званіў у рэдакцыю тыднёвіка “Беларускае тэлебачанне і радыё”, каб звярталіся да чытачоў па-беларуску “добры дзень”, а не па-польску “дзень добры”! Па-беларуску спярша стаіць прыметнік, а пасля імя, а па-польску наадварот: спярша — імя, а пасля — прыметнік. А рэдакцыя, хоць абяцала выправіць памылку, працягвае далей яе друкаваць. Яшчэ пішуць “раніцой”, хаця па-беларуску трэба “раніцай”. Ужываюць польскае слова “мажліва” замест беларускага “магчыма”, “па крайняй меры” замест беларускага слова “прынамсі”. Шмат памылак робяць і тыя, што выкладаюць на філфаку, псуюць беларускую мову…” (з пісьма ад 20 лістапада 1988 года).
Сябраваў я з Сяргеем Міхайлавічам шмат гадоў. Ён часта наведваў Слонім, дзе жыла яго сястра, заходзіў да мяне ў рэдакцыю раённай газеты, дзе я працаваў. А калі я бываў у Менску — забягаў да яго ў маленькую аднапакаёўку на вуліцы Купрыянава. Пра што толькі ён мне не расказаў!.. Але найбольш любіў распавядаць пра Слонім, пра мастака Антона Карніцкага, 180 карцін якога вывезлі немцы ў Германію падчас Другой сусветнай вайны, пра гісторыка і краязнаўца Язэпа Стаброўскага, пра генерала Яўгена Леашэню і пра іншых землякоў. Часта паэт згадваў пра сустрэчу з Янкам Купалам у Слоніме ў 1939 годзе, калі пясняр вяртаўся з Беластока з народнага сходу. Тады Сяргей Новік-Пяюн працаваў у Слоніме інспектарам павятовага аддзела народнай асветы. 12 лістапада 1939 года да яго ў аддзел народнай асветы зайшоў чалавек, павітаўся, а пасля спытаў, дзе жыве Гальяш Леўчык. Сяргей Новік-Пяюн адразу пазнаў у госцю Янку Купалу. Яны разам паехалі ў хатку да Гальяша Леўчыка, там пагутарылі, а пасля машына, на якой прыехаў Янка Купала, прывезла іх у цэнтр горада. На развітанне Янка Купала ў блакноце Сяргея Новіка-Пеюна напісаў пару слоў: “Міламу Сяргею Пеюну падчас сустрэчы ў Слоніме. Янка Купала. 14.11.1939 г.”. Пра гэты выпадак Сяргей Міхайлавіч згадваў мне часта. Ён вельмі ганарыўся, што хоць раз у жыцці меў сустрэчу з песняром беларускага народа.
Яшчэ ў 1938 годзе ў Слоніме Сяргей Новік-Пяюн разам са сваёй жонкаю Людмілай пачалі выдаваць на польскай мове (на беларускай мове польскія ўлады не дазволілі) “Газету Слонімскую”. Гэта быў тыднёвік і выходзіў ён да верасня 1939 года…
Аднойчы я прыехаў да Сяргея Новіка-Пеюна ў Менск, а ён адчыняе дзверы ў лагернай фуфайцы з нумарам на плячах. “Гэта мой сталінскі касцюм”, — сказаў Сяргей Міхайлавіч. А пасля сеў на табурэтку і ціха заспяваў свае славутыя “Зорачкі”:
Дні праходзяць, дні адходзяць, дні лятуць,
Быццам рэк бурлівых хвалі ўдаль бягуць.
Трэці год як на выгнанні ў чужыне
Трэба мучыцца душой і сэрцам мне…
З вачэй у паэта пакаціліся слёзы. Гэты выпадак памятаецца мне да сённяшніх дзён. Не верыцца, як змог выжыць Сяргей Новік-Пяюн у тых жыццёвых сітуацыях, у якіх ён бываў. Бо лёс яго не песціў. Пры Польшчы сядзеў у турме ў Баранавічах, у чэрвені 1941 года быў паранены, у 1943 годзе — арыштаваны слонімскім СД і асуджаны да пакарання смерцю. У турме захварэў на тыф. Хворага паэта немцы кінулі ў канцлагер Калдычэва…
4 ліпеня 1944 года немцы вялі вязняў на расстрэл. Сярод усіх быў і беларускі паэт. У час расстрэлу яго паранілі. Прыкінуўся мёртвым, а пасля схаваўся ў бліжэйшым лесе. Так застаўся жыць. А калі 10 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі Слонім, Сяргей Новік-Пяюн пачаў працаваць тут дырэктарам мясцовага краязнаўчага музея. Але і гэта шчасце было нядоўгім. Вясною 1945 года без прад’яўлення яму ніякіх афіцыйных абвінавачванняў, паэт быў зноў арыштаваны органамі НКВД на 10 гадоў пазбаўлення волі. Этапам яго адправілі ў пасёлак Нэлькан у Якуцію:
Плывуць дні за днямі, як шэрыя хвалі.
Нам сніцца радзімага неба блакіт.
Пад сопкай мы многа сяброў пахавалі.
Тут снег нашай цёплай крывёю заліт.
Праз краты нам свецяць паўночныя зоры,
Бы шлюць прывітанне ад роднай зямлі.
Сярэбраны месяц схаваўся за горы,
І чорныя цені вакол заляглі…
На фота: Аўтограф паэта са сталінскіх лагераў
У Беларусь Сяргей Новік-Пяюн вярнуўся ажно ў 1959 годзе. За плячыма ўжо былі 53 пражытыя гады, але трэба было пачынаць усё спачатку. Яго рэабілітавалі, а ў якасці “кампенсацыі” за гады, праведзеныя без віны ў турме, яму выдзелілі аднапакаёвую кватэру ў пяціпавярховым доме ў Менску на вуліцы Купрыянава, 9 і датэрмінова прызначылі пенсію, залічыўшы год Калымы за два…
Сяргей Новік-Пяюн нарадзіўся ў вёсцы Лявонавічы Нясвіжскага раёна 27 жніўня 1906 года. Скончыў мясцовую рускую гімназію і беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні. У 1926 годзе ў роднай вёсцы стварыў беларускі народны хор, які існуе да сённяшніх дзён. Як сказаў Алег Лойка ва ўступным слове да зборніка вершаў паэта “Заўсёды з песняй” (Мн., 1984. С. 4): “Душа юнака рвалася да песень, а песню глушылі”. Але заглушыць не змаглі. Бо паэт Сяргей Новік-Пяюн пісаў, спяваў і жыў. Жыў словам, песняй, любоўю да Бацькаўшчыны. Друкавацца ён пачаў ажно ў 1924 годзе ў заходне-беларускіх выданнях “Сын беларуса”, “Студэнцкая думка”, “Маланка”, “Сялянская ніва”, “Шлях моладзі”, Беларуская крыніца”, “Заранка” і іншых. З друку асобнымі кніжкамі пачалі выходіць яго драматычныя і вершаваныя творы “Ёлка Дзеда Мароза” (Вільня, 1927), “Пакой у наймы” (Вільня, 1927), “Цудоўная ноч” (Вільня, 1927), “Прадка пад крыжам” (Вільня, 1939), “Заўсёды з песняй” (Мн., 1984), “Зорачкі ясныя” (Мн., 1986), “Песні з-за кратаў” (Мн., 1993). У сваіх паэтычных кнігах Сяргей Новік-Пяюн пісаў пра тое, пра што сам перажыў у астрогах, лагерах і ссылках. Паэтычныя радкі яго прасякнуты пяшчотай да Бацькаўшчыны, верай у заўтрашні дзень:
Быць можа ў халоднай памру Калыме,
Сям’ю не пабачыўшы ў роднай больш хаце,
Я веру, мяне, песняра, ўспамяне
Не раз Беларусь — мая Маці.
Але ў маім сэрцы наяве і ў сне
Надзея святая таёмна крадзецца:
Да роднае Бацькаўшчыны, усё-ткі мне
Вярнуцца яшчэ давядзецца!
У 1966 годзе Сяргей Новік-Пяюн наладзіў цесныя літаратурныя сувязі з беларускім тыднёвікам “Ніва” у Беластоку, якія працягваліся аж да самай смерці паэта (памёр у 1994 годзе). У студзені і ліпені гэтага года ён друкуе вершы для дзяцей “Дзед Мароз”, “Вожык”, “Верабейчыкі” і апавяданне “Цешка”. Асабліва шмат паэтычных радкоў Сяргей Новік-Пяюн апублікаваў у “Ніве” у 1980-х гадах. Найперш гэта былі вершы пра родную прыроду, лясных і хатніх жывёл, а таксама ўспаміны пра гісторыка Язэпа Стаброўскага, паэта Гальяша Леўчыка і пра Ядвісю — гераіню Якуба Коласа, якая жыла ў Слоніме.
На фота: Бацькі Еўдакія Пятроўна і Міхаіл Сцяпанавіч Новікі з маленькім Сяргеем. Пачатак ХХ стагоддзя.
На фота: Сяргей Новік-Пяюн, 1925 г.
На фота: Сяргей Новік, 1929
На фота: Сястра Кацярына Новік выходзіць замуж. Сядзіць другі злева Сяргей Новік-Пяюн, сядзіць другая справа яго жонка Людміла Новік, 1930-я гады.
На фота: Сяргей Новік-Пяюн (крайні справа) з жонкай Людмілай, Марыя і Антон Лойкі (крайнія злева), Слонім, 1936 г.
На фота: Сяргей Новік-Пяюн з сястрой Кацярынай і пляменнікамі, 1965 г.
Прапануем паслухаць у выкананні Данчыка песню Новіка-Пеюна „Слонімскі вальс”:
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара