Напагатове. З гісторыі беларускіх скаўтаў
Часам падаецца, што нейкія падзеі адбываліся ў паралельным сусвеце, які з тваім ніякім чынам не судакранаўся. Але ж во… трымаеш у руках часопісы беларускіх скаўтаў “Напагатове”, “Да мэты”, “Наперад”, і перад табой разгортваецца альтэрнатыўная рэальнасць, у якой магло не здарыцца “Чырвонай змены” і “Беларускага піонэра”.
Заснавальнікам арганізацыі скаўтаў быў ангельскі генерал Роберт Бадэн-Паўэл, які ў час вайны з бурамі ў Паўднёвай Афрыцы арганізаваў першыя моладзевыя дружыны для абароны горада Мафекінг. Не маючы дастатковай колькасці войска, Бадэн-Паўэл выкарыстаў для дапаможнай вайсковай службы хлопцаў 12-15 гадоў у якасці лучнікаў, ганцоў і разведчыкаў. Хлопцы праявілі сябе з найлепшага боку і не саступалі найлепшым жаўнерам — горад быў абаронены, а генерал пасля сканчэння вайны вярнуўся ў Англію і на ўзор мафекінгаўскіх стварае скаўцкія дружыны ўжо ў сябе на радзіме. Ідэя выхавання моладзі ў патрыятычным рэчышчы праз гульню і асвету захапіла генерала — у 1908 годзе ён выдае падручнік “Скаўтынг для хлапцоў”, а з 1910-га цалкам прысвячае сябе развіццю арганізацыі.
Малюнак з часопіса “Skaut”
Памежнае геаграфічнае становішча нашай краіны не асабліва спрыяла пашырэнню менавіта беларускага скаўтынгу: з аднаго боку — актыўнасць Саюза польскіх харцэраў, з другога — Расія з яе вялікадзяржаўным уціскам. Таму з’яўленне нацыянальна арыентаваных арганізацый не ўхвалялася ні да рэвалюцыі, ні пасля.
Толькі ў часы бязладдзя самага пачатку 20-х гадоў, калі нашыя суседзі былі больш занятыя ўнутранымі справамі, у гімназіях Клецка, Нясвіжа, а пазней у Крэве, Баранавічах, Барунах ствараюцца першыя атрады, а ў Вільні з’яўляюцца першыя ўласнабеларускія скаўцкія дружыны. Асабліва актыўную дзейнасць мела магчымасць весці моладзь Віленскай беларускай гімназіі (адным з галоўным натхняльнікаў руху быў Сымон Рак-Міхайлоўскі), якая сваёй працай ахоплівала і навучэнцаў ніжэйшых школаў — так званых “ваўчанят”.
Гімн ваўчанятаў
(сл. Пануцэвіча, муз. М. Равенскага)
Адважныя мы ваўчаняты, Наперад ідзем грамададой. Ня страшны нам вецер зацяты, Ні тайніцы цемры лясной.
Прыпеў: Кліч наш баёвы, напагатове, Заўсёды гатовы За Край, за народ свой На ўсё гатовы.
Гартуемся ў гульнях воўчых, Гадуемся ў людзкіх правох. Штодзённы наш добры учынак Вядзе нас на шлях перамог
/Прыпеў/
Мы любім бацькоўскія гоні, Дзе Нёман, Дзвіна і Дняпро, Дзе сцяг старадаўняй Пагоні Нясе ў змаганні народ.
/Прыпеў/
Але паслабленні былі нядоўгія. Неўзабаве польскія ўлады забараняюць іх дзейнасць. Віленскія юнакі робяць спробу стварыць сваю арганізацыю пад выглядам спартыўнага аб’яднання “Гайсак”, але пад забарону трапілі і яны.
Тое ж адбываецца і ў саветах — у 1922 годзе дзейнасць скаўтаў спыняецца, а ў 1926–1928 гадах адбываецца шырокамаштабная акцыя ОГПУ па разгроме груповак, што існавалі ўжо на нелегальным становішчы, лідары скаўцкага руху былі высланыя на Салаўкі, частка ўдзельнікаў руху мігравала ў Англію, Германію, Францыю і Аўстрыю.
З 1926 па 1929 год пад апякунствам метадыстак з Амерыкі Броўн і Браўн дзейнічае дзявочая арганізацыя “Сёстры вогнішча”. А ў 1934 годзе з падачы тагачаснага дырэктара Радаслава Астроўскага наноў арганізуецца дзейнасць скаўцкіх дружын у Віленскай беларускай гімназіі.
Фота з часопіса “Skaut” — скаўты віленскай гімназіі
Былі арганізаваныя дзве дружыны: хлапечая імя Ф. Багушэвіча і дзявочая імя Св. Ефрасінні Полацкай.
Заданнем арганізацыі было “будзіць патрыятычны дух сярод моладзі Гімназіі, узгадоўваць вартасных грамадзян народу, якія ў будучыні працавалі-б ахвярна для свае Бацькаўшчыны”. Ажыццяўлялі свае мэты яны праз правядзенне імпрэзаў, беларускіх прадстаўленняў, падрыхтоўку рэфератаў, этнаграфічных экскурсіяў.
Акрамя патрыятычнага выхавання ў нязмушанай гульнёвай форме скаўты і скаўткі засвойвалі асновы выжывання ў экстрэмальных умовах: вучыліся арыентавацца на мясцовасці, здабываць і гатаваць ежу, аказваць першую медыцынскую дапамогу, сігналізаваць пра небяспеку, у якой аказаліся, распальваць вогнішча без запалак. Вялікая ўвага надавалася спартовым заняткам і фізічнай падрыхтоўцы. Усё адпаведна часу і настроям, якія віравалі ў Еўропе.
З гульняў “ваўчанят”:
“Праследванне шпіёна”
“Адзін скаўт грае ролю шпіёна. Ён уцякае напрасцяк па снягу ў якім хоча накірунку, пакуль ня знойдзе сабе сховішча, дзе хаваецца. Іншыя скаўты, пасьля некаторага часу, праследуюць яго, ідучы па слядох. Калі прыблізяцца да сховішча, шпіён кідае ў іх снежкамі. Каго трапіць, той “забіты”. Шпіёна трэба тры разы трапіць снежкай”
Пасля Другой сусветнай вайны ў Германіі ў зонах адказнасці Англіі, ЗША і Францыі былі створаныя лагеры для перамешчаных асобаў. Фармаваліся яны паводле нацыянальнай прыкметы і мелі самакіраванне. Найбуйнейшымі беларускімі асяродкам сталі лагеры ў Рэгенсбургу (пасля лагер быў вывезены Міхельсдорф) і Ватэнштэце. У іх былі створаныя беларускія гімназіі —імя Янкі Купалы і Максіма Багдановіча адпаведна, а іх навучэнцы ўліліся ў скаўцкі рух. Камендантам у Рэгенсбургу быў Ян Станкевіч, той самы, што кіраваў беларускім скаўтынгам у Заходняй Беларусі. 15 лістапада 1945 года арганізоўваецца новая выключна беларуская скаўцкая арганізацыя — “Згуртаванне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне”.
Фота з часопіса “Skaut” — Скаўткі ў Ватэнштэце
Дзейнасць згуртавання ў лагерах для перамешчаных асоб можна прасачыць праз выданні таго часу — у разнастайных часопісах і аглядах друкавалася хроніка знакавых падзей арганізацыі — сходы, канферэнцыі, семінары, джамбары (сусветныя скаўцкія злёты). Акрамя таго часопісы змяшчалі творы беларускіх класікаў, літаратараў-эмігрантаў, маладых аўтараў-скаўтаў, парады на ўсе выпадкі жыцця, пра ўсё патроху ў раздзеле “трасянка”, гумар і курцігалоўкі. Да прыкладу, такія:
“За 20 капеек куплена 20 яек трох гатункаў: гусіныя, курыныя й вуціныя. Гусінае яйка каштавала 3 капейкі, курынае 2, а вуцінае 2 за капейку. Колькі яек кожнага гатунку куплена?”
Часам заданні былі даволі брутальныя і па нашым часе нават правакацыйныя:
“На параплаве ехала 16 чалавек, што абслугоўвалі працаўнікоў, з якіх: 8 чалавек было магаметанаў і 8 праваслаўных. Параплаў быў прастрэлены. Яны разрахавалі, што калі 8 чалавек ахвяруюць сваё жыццё, дык рэшта ўратуецца, параплаў не загіне. Але хто мусіць ахвяраваць сваё жыццё? Ніхто не хацеў гэтага. Тады капітан абслугоўваючай дружыны прапанаваў стаць усім у адзін шэраг з такім разлікам, што кожны дзевяты чалавек мусіць скакаць у ваду. Сам капітан ў разрахунак не браўся — лік ішоў далей, ад апошняга ізноў пераходзіў да першага, так што ў рэшце выявілася, што ўсе праваслаўныя (8 чалавек) засталіся жывымі й параплаў не затануў. Як капітан размясціў гэтых людзей?”
Не абмінулі арганізацыю і заўсёдныя беларускія міжусобныя спрэчкі, некаторыя з якіх працягваюцца і цяпер. Так, напрыклад, не ўсімі была прынятая саманазва “беларускія”. На вокладках часопісаў можна заўважыць, што некаторыя заўзята называлі сябе “крывічамі”, пытанне вырашылася на карысць беларускасці толькі на агульным сходзе. Амаль няспынна ішлі ўзаемныя абвінавачванні ў палітычнай заангажаванасці пэўных дзеячаў скаўцкага руху, асноўная частка настойвала на кансалідацыі незалежна ад палітычных поглядаў.
Часопіс “Skaut”
Вокладка часопіса “Напагатове”
Як бы там ні было, гартаючы перыёдыку “Згуртавання Беларускіх Скаўтаў на Чужыне”, нельга не адчуць прагі гэтых людзей да Беларусі. Той Беларусі, якая так і засталася на доўгі час у паралельнай рэчаіснасці — у марах параскіданых па свеце людзей.
Так дзякуючы згуртаванню была захаваная традыцыя беларускага скаўтынгу, якая стала падставай аднаўлення скаўцкага руху ўжо ў перыяд набыцця незалежнасці нашай краінай, праўда пытанне канасалідацыі так і не было вырашанае, таму цяпер у Беларусі паралельна дзейнічае некалькі незалежных адна ад адной скаўцкіх арганізацый.